0000398695
close
W walce o demokrację nie robimy sobie przerw! Przekaż 1,5% na Fundację Kultura Liberalna WSPIERAM
close
Kultura Liberalna solidarnie z Ukrainą

PRZEKAŻ
1,5%
PODATKU
close

W walce o demokrację

nie robimy sobie przerw!

Przekaż 1,5% na Fundację
Kultura Liberalna

Przekaż 1,5%
na Fundację Kultura Liberalna
forward
close

KULTURA LIBERALNA > Bez kategorii > Палітычная трансфармацыя і...

Палітычная трансфармацыя і ўмовы для паспяховай дэмакратызацыі Беларусі [АНАЛІЗ]

Павел Усаў

Беларускі народ чакае доўгі і складаны шлях да дэмакратыі са шматлікімі выклікамі, пераадольванне якіх будзе патрабаваць глыбокай мабілізацыі і свядомай грамадзянскай актыўнасці большасці насельніцтва. Гэтыя актыўнасць і дзейнасць будуць неабходныя не толькі для адхілення ад улады аўтарытарнага кіраўніцтва, але, перш за ўсе, для дасягнення паспяховай дэмакратызацыі дзяржаўнай сістэмы праз палітычныя і эканамічныя рэформы.

Пасля змены рэжыму ў Беларусі прынцыпова важным з’яўляецца недапушчэнне скачвання дзяржавы і грамадства ў перманентны працэс трансфармацыі і ўнутранай палітычнай турбулентнасці, як гэта ў рознай ступені адбываецца ў Грузіі, Малдове і Украіне. Хвалі крызісаў і ўнутраных канфліктаў у гэтых постсавецкіх краінах фарміруюць пэўныя палітычныя страхі ў свядомасці беларусаў і недавер да перамен у цэлым. У сваю чаргу, страхі, а таксама стэрэатыпы выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі для маніпуляцыі свядомасцю грамадзян, нібы перамены абавязкова прывядуць да негатыўных вынікаў і сістэмнай дэстабілізацыі, а магчыма і войнаў. Тым не менш нельга ігнараваць наяўнасці такой рызыкі для Беларусі, калі новая ўлада ўвязне ў карупцыі і ўнутраных інтрыгах. У сваю чаргу, працэс перманентнай трансфармацыі (інстытуцыянальны параліч, ратацыі ўрадаў) будзе ўтрымліваць Беларусь у “шэрай зоне” [1], а сацыяльна-эканамічныя і палітычныя крызісы створаць пагрозу аўтарытарнага рэваншу.

На працэс паспяховай трансфармацыі і дэмакратычнай кансалідацыі будзе ўплываць шмат знешне- і ўнутрыпалітычных фактараў. Ключавымі з’яўляюцца: 1. Стан палітычнай сістэмы ў Беларусі; 2. Сітуацыя ўнутры грамадства і апазіцыі; 3 Геапалітычная сітуацыя ў момант змены ўлады і трансфармацыі.

Згаданыя вышэй фактары ў значнай ступені будуць акрэсліваць тое, ці ў Беларусі сапраўды адбудзецца пераход ад аўтарытарнага праўлення да стабільнай дэмакратычнай сістэмы, або ў краіне пройдуць працэсы, якія абмяжуюцца ўнутрыаўтарытарным транзітам улады.

Перад усім паспяховасць трансфармацыі будзе залежыць ад палітычнай адказнасці і спеласці дэмакратычных эліт і грамадства. З аднаго боку, абуджэнне грамадства ў 2020 годзе стварае спадзяванні на тое, што ў насельніцтва будзе захоўвацца вялізарнае запатрабаванне на дэмакратыю заходняга ўзору, а не на расійскую “суверэнную дэмакратыю” [2]. З іншага – беларускае грамадства ўсё яшчэ знаходзіцца на этапе нацыянальнай кансалідацыі і асэнсавання свайго геапалітычнага быцця, палітычных каштоўнасцей, а таксама разумення таго, якой павінна быць краіна.

Тыя сацыялагічныя апытанні, які спрабуюць праводзіць незалежныя аналітычныя цэнтры, паказваюць даволі складаны і неадназначны сацыяльна-палітычны ландшафт Беларусі.

Напрыклад, паводле дадзеных цэнтра палітычных даследаванняў “Chatham House” з лета 2021 года, 56% апытаных беларусаў пазітыўна ставяцца да постаці Уладзіміра Пуціна, 17% – нейтральна, 27% – негатыўна. 32% грамадзян выступаюць за інтэграцыю з Расіяй, толькі 9% – з ЕС. 11% выступаюць за шчыльны інстытуцыянальны саюз з Расійскай Федэрацыяй, а 7% – за ўваход у склад РФ (калі перанесці гэта на ўсё насельніцтва краіны, што мае права голасу, то лічба можа складаць да 300 тысяч чалавек), 44% беларусаў выступаюць за шчыльную эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Каля 60% апытаных лічаць, што пасля змены ўлады Беларусь павінна заставацца ў АДКБ [3]. Гэтыя апытанні паказваюць, наколькі няясным з’яўляецца бачанне будучыні ўласнай краіны з боку большасці грамадзян, што сведчыць пра слабую артыкуляцыю нацыянальных інтарэсаў і дэмакратычных каштоўнасцей у свядомасці беларусаў.

Больш за тое, вынікі апытання сведчыць і пра тое, што ў часткі беларускага грамадства ўсё яшчэ існуе запыт на аўтарытарызм. Магчыма, што падобны стан свядомасці звязаны з унутранай патрэбай стабільнасці і прадказальнасці ў палітычных і эканамічных працэсах. На такіх ментальных схемах будуецца вера ў тое, што моцная аўтарытарная ўлада і лідарства, а не нармальна функцыянуючыя дзяржаўныя інстытуты, з’яўляюцца гарантыяй усеагульнага дабрабыту насельніцтва. Адсюль бярэцца міфалагізаваны погляд на Пуціна і Расію як прагрэсіўны аўтарытарызм. Такое бачанне можа будавацца на пачуцці ўласнага дзяржаўнага правінцыялізму, недахопу веры ў тое, што Беларусь – самадастатковая дзяржава.

Ужо цяпер можна сказаць, што палітычная трансфармацыя ў Беларусі будзе адбывацца ў складаных сацыяльных і палітычных умовах, і тое, якім будзе канчатковы вынік дадзенага працэсу, прадбачыць немагчыма. Дакладна, што без глыбінных зменаў у палітычнай культуры і свядомасці беларусаў ажыццявіць сістэмныя перамены будзе даволі цяжка, асабліва калі ўлічваць узмоцнены працэс інтэграцыі з Расіяй.

Зыходзячы з таго, якім чынам развіваецца сітуацыя ў Беларусі, можна акрэсліць наступныя сцэнары палітычных зменаў у Беларусі і іх магчымыя вынікі ў перспектыве некалькіх гадоў.

І. Сцэнары пераменаў

1. Геапалітычныя рамкі палітычных пераменаў

Не выклікае сумневу, што ў бліжэйшыя гады геапалітычнае становішча Беларусі будзе акрэсліваць характар і сутнасць палітычных змен. Чым глыбей краіна будзе пагружацца ў інтэграцыйныя праекты з Расіяй, тым менш шанцаў на тое, што ў Беларусі адбудуцца зрухі дэмакратычнага характару. Ужо цяпер геапалітычнае становішча рэспублікі вельмі небяспечнае і не спрыяе хуткім палітычным пераменам у краіне, больш за тое, фармат адносін з Расійскай Федэрацыяй стварае ўмовы для кансервацыі аўтарытарнай сістэмы.

Як паказалі падзеі 2020 году, Масква застаецца галоўным суб’ектам, які наўпрост уплывае на палітычныя працэсы ўнутры Беларусі. Эканамічны, палітычны і ваенны саюз з Расіяй дае апошняй неабмежаваныя магчымасці для наўпроставага ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. Агульныя тэндэнцыі апошніх месяцаў сведчаць пра тое, што Масква зацікаўлена ў максімальным аслабленні суверэнітэту рэспублікі. У сваю чаргу, у межах функцыянальнай саюзнай дзяржавы дэмакратызацыя Беларусі не можа адбыцца ў прынцыпе, нават калі Лукашэнка будзе вымушаны сысці са сваёй пасады.

Сёння для расійскага кіраўніцтва важным з’яўляецца захаванне сваіх уплываў у Беларусі, што магчыма толькі пры наяўнасці ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Безумоўна, Крэмль можа быць зацікаўлены ў змене кіраўніка (транзіце ўлады), але не ў дэмакратызацыі дзяржавы (трансфармацыі сістэмы). Масква мае ў сваіх руках велізарныя рэсурсы для рэалізацыі ўнутрыаўтарытарнага транзіту ўлады, але Крэмль не ўпэўнены ў тым, што да канца зможа кантраляваць працэс пераходу ўлады ўнутры сістэмы ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі, без небяспечных зрухаў у грамадстве, таму не спяшаецца ісці на такія радыкальныя крокі.

Калі дапусціць, што сыход Лукашэнкі адбудзецца цягам наступных 5 гадоў, то Крэмль можа падтрымаць любы сцэнар транзіту ўлады, які захавае аўтарытарны рэжым у краіне, які, у сваю чаргу, будзе арыентавацца на Расію і бараніць яе стратэгічныя інтарэсы ў Беларусі. Вынікам транзіту ўлады, адаптаванага пад чаканні Масквы, павінна быць:

– шчыльнасць і інтэгральнасць ваенна-стратэгічных сістэм (Рэгіянальная групіроўка войскаў, Аб’яднаная сістэма супрацьпаветранай абароны, размяшчэнне новых ваенных аб’ектаў/баз ваеннага кантынгенту ў Беларусі);

– эканамічная залежнасць, прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, умацаванне расійскіх алігархічных груп у Беларусі;

– фарміраванне моцных прарасійскіх палітычных суб’ектаў у Беларусі (партый і арганізацый, якія могуць актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах у Беларусі ў перыяд транзіту);

– працяг дэнацыяналізацыі ключавых палітычных і сацыяльных інстытутаў, а таксама структур дзяржаўнай бяспекі, якія і на сённяшні дзень цяжка назваць нацыянальнымі [4].

У перыяд транзіту ўлады ў Беларусі Расія можа рэалізаваць два сцэнары:

Прамы палітычны кантроль (магчымы ў доўгатэрміновай перспектыве, ва ўмовах дынамічнага развіцця інтэграцыйных працэсаў)

Дадзены варыянт абумоўлівае стаўку на прарасійскія кіроўныя эліты ў Беларусі, фактычнае прызначэнне фігуры прэзідэнта. Правадніком расійскіх інтарэсаў можа стаць часовы пераходны ўрад, які сфарміруецца на базе Савета бяспекі. Апошні ўжо атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы і можа самастойна рэалізоўваць тую ці іншую палітыку падчас пераходу ўладных паўнамоцтваў [5]. Пры гэтым працэс можа кантралявацца і падтрымлівацца наднацыянальнымі органамі Саюзнай дзяржавы і нават расійскай ваеннай прысутнасцю, якая можа пашырыцца цягам наступных гадоў. Прастора для палітычнай актыўнасці будзе заставацца абмежаванай, а наступным “прэзідэнтам” можа быць абраны або прадстаўнік клану Лукашэнкі (Азербайджанскі варыянт), альбо чалец наменклатурна-вайсковай групіроўкі (Узбекскі варыянт). Такая канфігурацыя будзе спрыяць інтэнсіўнаму распаду беларускай дзяржаўнасці і вычэрпванню сацыяльна-эканамічных рэсурсаў краіны.

Ускосны кантроль, магчымы ва ўмовах захавання інтэграцыйнага status quo (Армянскі сцэнар )

Гэты сцэнар прадугледжвае мяккі аўтарытарны транзіт, які забяспечвае гарантыі захавання расійскай стратэгічнай прысутнасці ў Беларусі, пакідае Беларусь у ключавых геапалітычных праектах АДКБ, ШАС, Саюзе з Расіяй пры паслабленым кантролі за ўнутрыпалітычнымі працэсамі. Такі сцэнар можа спрыяць больш шырокай палітычнай аўтаноміі для грамадзянскай супольнасці, што стварае ўмовы (хоць і вельмі абмежаваныя) для кампрамісу паміж апазіцыяй і кіроўнай наменклатурай. Гэта не выключае ўмоўна дэмакратычнага прадстаўніцтва ў парламенце і мясцовых радах, але без сістэмнай дэмакратызацыі дзяржаўных інстытутаў. У сваю чаргу такі варыянт будзе патрабаваць суцэльнай згоды апазіцыйнага руху на наменклатурную фігуру ў якасці прэзідэнта, падкантрольную Маскве. Разам з тым будзе рабіцца ўпор на далейшы дэмантаж нацыянальнага фундаменту і дзяржаўнасці. Фактычна ўсталёўваецца гібрыдны рэжым з моцнымі прарасійскімі алігархічнымі ўплывамі. Рэалізацыя антынацыянальнай палітыкі будзе падрываць сацыяльна-культурныя ўмовы і магчымасці для фарміравання моцнага антырасійскага руху, а хуткае зліццё беларускіх і расійскіх інтарэсаў і пашырэнне карупцыі абумовяць далейшую дэградацыю Беларусі.

У сваю чаргу, нацыянальная рэвалюцыя ва ўмовах інтэграцыі з Расіяй на маю думку, немагчымая, гэта прывядзе да імгненнай інтэрвенцыі з боку Масквы. Фактычна падобная сітуацыя склалася адразу пасля выбараў 2020 году, калі Пуцін заявіў пра фарміраванне вайсковага рэзерву, які мог быць выкарыстаны ў Беларусі ў выпадку актыўных дзеянняў пратэстоўцаў [6]. Іншым выклікам для нацыянальнай рэвалюцыі і дэмакратычнага транзіту ўлады з’яўляецца моцная арыентацыя сілавога і наменклатурнага блокаў на Маскву. Па сутнасці яны гатовы хутчэй падтрымаць прысутнасць Расіі ў Беларусі і абмежаванне суверэнітэту, чым нацыянальную рэвалюцыю.

Такім чынам, аўтарытарная Расія будзе заўсёды з’яўляцца цывілізацыйным выклікам для Беларусі і будзе імкнуцца выкарыстаць перамены ў краіне ў сваіх інтарэсах.

У рэальнасці хуткія і пазітыўныя змены могуць адбыцца пры аслабленні эканамічнай і стратэгічнай залежнасці ад Расіі, што магчыма:

1. A. Пры вельмі хуткім палітычным транзіце ўлады ў Беларусі, да якога Масква не будзе падрыхтавана;

2. Пры ўнутрыпалітычнай і эканамічнай турбуленцыі ў самой Расіі, калі ўласныя праблемы (крызіс) вымусяць Маскву аслабіць свае ўплывы на Беларусь;

Так ці інакш для таго каб выкарыстаць тую ці іншую сітуацыю ў інтарэсах Беларусі і запусціць працэс палітычнай трансфармацыі, неабходны кансалідаваны нацыянальна-дэмкратычны фронт з шырокай падтрымкай грамадства.

На дадзеным этапе дэмакратычная супольнасць Беларусі павінна сканцэнтраваць сілы на тармажэнні пашырэння ўплываў Расіі ў рэспубліцы. Ізноў жа, для гэтага неабходна:

– агульная нацыянальная кансалідацыя беларускага грамадства і апазіцыі. Спробы “спадабацца” Крамлю, атрымаць падтрымку не будуць спрыяць узмацненню пазіцыі новай апазіцыі;

– фармаванне, з аднаго боку, антырасійскіх, а з другога – праеўрапейскіх настрояў і арыентацый у беларускім грамадстве;

– сістэмная падтрымка з боку Захаду (ЕС, у прыватнасці) для развіцця беларускіх нацыянальных інстытутаў і супрацьдзеянне пашырэнню саюзнай інтэграцыі на міжнародным узроўні. Урэшце для Еўропы Беларусь павінна стаць геапалітычным прыярытэтам;

Апошні тэзіс павінен быць вуглавым каменем у агульнай стратэгіі Еўрапейскага саюзу ў дачыненні да Беларусі, незалежна ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ўнутры краіны.

2. Палітычная сістэма ў перыяд транзіту ўлады

Характар і напрамак палітычных зменаў безумоўна залежыць ад таго, у якім стане будзе знаходзіцца палітычны рэжым і кіроўная эліта. Унутраная кансалідацыя ўлады будзе акрэсліваць здольнасці сістэмы супрацьстаяць пераменам, у сваю чаргу, распад дзяржаўных структур змусіць кіроўныя групы шукаць кампраміс і ісці на саступкі грамадству. Акрэсленая цяпер палітыка рэжыму шмат у чым будзе фарміраваць характар будучых перамен. Працяг рэпрэсій, тэрор, бяспраў’е паглыбяць супярэчнасці ў грамадстве, узмацняць градус узаемнай нянавісці і схільнасці да гвалту, што можа стварыць умовы для радыкальна рэвалюцыйных зломаў у краіне і доўгага палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве пасля таго, як палітычны кантроль пачне аслабляцца.

Канешне, стабільнасць сістэмы рэч умоўная, есць шэраг фактараў, якія немагчыма прадбачыць і якія могуць змяніць змест палітыкі і палітычных адносін у Беларусі. Сярод такіх фактараў можа быць раптоўная хвароба Лукашэнкі, яго раптоўны сыход, ваенны пераварот у Беларусі, сістэмныя праблемы ў Расіі, пашырэнне знешнепалітычнай канфрантацыі і г.д.

У дадзеным тэксце даецца ацэнка таму, як будзе развівацца сітуацыя, зыходзячы з сённяшніх палітыка-псіхалагічных умоў унутры кіроўнай эліты і грамадства.

Тыя акалічнасці, якія склаліся ў Беларусі цяпер, даюць падставы сцвярджаць, што Лукашэнка не збіраецца добраахвотна адмаўляцца ад улады ў бліжэйшы час, а наадварот будзе рабіць усе магчымае, каб не толькі захаваць свае пазіцыі, але і перадаць кіраванне каму-небудзь са свайго атачэння, магчыма, малодшаму сыну Мікалаю. Дзеля гэтага яму неабходна стварыць такія структуры кіравання, якія забяспечаць стабільнасць яго ўлады і стабільнасць сістэмы на доўгі час, прынамсі на 7-10 гадоў. Палітычны крызіс падштурхнуў Лукашэнку і яго атачэнне да глыбокіх трансфармацый функцыянавання рэжыму ў кірунку таталітарызму са знішчэннем грамадзянскай аўтаноміі.

Разам з гэтым, адбылася ўнутраная кансалідацыя вышэйшай наменклатуры і сілавікоў. Гэта новая палітычная эліта коштам развіцця дзяржавы і грамадства будзе забяспечваць сваю ўладу і імкнуцца да захавання пераемнасці ў аўтарытарным лідарстве. Злачынствы, якія ўчыняе кіроўная група, падштурхоўваюць да яшчэ большай кансалідацыі і большых рэпрэсій, бо толькі ўтрыманне ўлады з’яўляецца гарантыяй іх бяспекі і беспакаранасці. Інакш кажучы, захаванне неататалітарнай сістэмы – псіхалагічная патрэба тых людзей, якія рэалізуюць і абслугоўваюць сённяшні рэжым. Гэта таксама азначае, што на дадзеным этапе гэтая група не гатовая ісці ні на якія кампрамісы ў бліжэйшай будучыні.

Сыходзячы з гэтага палажэння ўнутры палітычнай сістэмы можна акрэсліць наступныя сцэнары аўтарытарнага транзіту ўлады:

А. Кланавы транзіт. Утрыманне ўлады ўнутры кіроўнай эліты. Мэта – захаваць персаналісцкі рэжым і кансалідаваную ўладу ў руках сыноў Лукашэнкі – Віктара ці Мікалая. Дзеля гэтага ўносяцца адмысловыя папраўкі ў канстытуцыю (2022-2023 гады), якія павінны забяспечыць знаходжанне Лукашэнкі-старэйшага пры ўладзе на наступны 5-7 гадоў з магчымасцю падрыхтаваць унутрыкланавы транзіт. Такі пераход магчымы выключна пры працяглым захаванні ўлады ў руках дзейснага дыктатара і персанальнай адданасці наменклатурна-сілавога апарату сям’і;

В. Вайскова-наменклатурны транзіт (Узбекскі варыянт) прадугледжвае абмежаванне ўплываў сям’і або адхіленне яе ад улады (пасля сыходу Лукашэнкі) і канцэнтрацыі ўсіх палітычных і эканамічных інструментаў у руках групы вышэйшых чыноўнікаў і сілавікоў. Новы рэжым будзе працягваць практыкі папярэдняга, бо гэта асноўная ўмова яго выжывання. Тым не менш рэалізацыя палітыкі тэрору ў доўгатэрміновай перспектыве не магчымая, а ўмоўная легітымацыя новай улады неабходна для яе стабільнасці. У гэтым выпадку нельга выключаць абмежаванага кампрамісу з апазіцыйным рухам (асобнымі групамі), калі той застанецца ўплывовай сілай у доўгатэрміновай перспектыве. Зараз цяжка сказаць, наколькі глыбокім магчымы такі кампраміс і ці падштурхне ён да сістэмных змен, або роля апазіцыі будзе абмежавана дэкаратыўнымі палітычнымі функцыямі, без уплыву на працэсы кіравання, асабліва, калі яна будзе разбіта на часткі.

У сваю чаргу, чым даўжэй Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, тым цяжэй будзе адбывацца працэс змены ўлады і дэмакратызацыі краіны, незалежна ад таго, які сцэнар транзіту чакае краіну. Працяглае кіраванне Лукашэнкі, з аднаго боку, будзе спрыяць далейшай унутранай кансалідацыі сістэмы, вынішчэнню грамадскіх інстытутаў, інтэлектуальнаму, прафесійнаму вычэрпванню беларускага грамадства і агульнай дэградацыі соцыуму і эканамічнай сістэмы. З іншага боку, частка грамадства, сацыяльныя групы, якія рэалізуюць неататалітарную палітыку, будуць суцэльна супрацьстаяць дэмакратычнаму транзіту, забяспечваць кансервацыю сітуацыі і такім чынам прыспешваць негатыўныя тэндэнцыі ўнутры грамадства і эканомікі.

Такім чынам, узрастаюць эканамічныя і палітычныя кошты перамен. Напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2020-2021 годзе, пры наяўнасці велізарнага псіхалагічнага імпэту, прафесійнага чалавечага рэсурсу, больш-менш стабільнай фінансавай і прамысловай сістэмы і г.д. – рэалізацыя палітычнай і эканамічнай трансфармацыі патрабавала б менш часу і высілкаў (кансалідацыі грамадства) і фінансавых затрат. Пасля 2021 года (напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2025 годзе) ва ўмовах вымывання інтэлектуальнага і прафесійнага рэсурсу краіны (рухавіка рэформаў), знішчэння грамадскіх інстытутаў, разбурэння эканамічна актыўнага сярэдняга класа, узрастання крызісных з’яў у дзяржаўнай сферы вытворчасці, павелічэння схаванага беспрацоўя і незадаволенасці і г.д. – рэалізацыя сістэмных рэформаў будзе патрабаваць большых эканамічна-чалавечых затрат, рэсурсаў і, адпаведна, часу. Інакш кажучы, рэфармаваць больш-менш стабільную сацыяльную і эканамічную сістэму прасцей, чым сістэму ў стане разбурэння. Нельга не адзначыць, што разбуральны эфект для беларускай эканомікі будзе аказваць палітыка санкцый і эканамічная ізаляцыя Беларусі.

3. Апазіцыя і грамадства: рухавікі пераменаў

Шанец для дэмакратычнага транзіту Беларусі магчымы толькі пры моцнай мабілізацыі і кансалідацыі апазіцыі і грамадства, толькі пры ўмове іх непасрэднага ўдзелу ў палітычных працэсах. На сённяшнім этапе гістарычнага развіцця Беларусі можна заўважыць негатыўныя тэндэнцыі, якія абазначыліся ў беларускім грамадстве і апазіцыі, што сталася вынікам разбуральнай палітыкі тэрору і ўмацавання дзейснага рэжыму.

З цягам часу такія з’явы, як расчараванне, пасіўнасць, недавер у грамадстве і канфлікты, сегментацыя, разгубленасць у апазіцыі, пашыраюцца. Новыя апазіцыйныя структуры былі і застаюцца негатовымі да сістэмнага і доўгатэрміновага супрацьстаяння рэжыму. Іх дзейнасць застаецца на ўзроўні няўрадавых арганізацыі і партый з крыху большай міжнароднай прысутнасцю. Разам з тым, калі апазіцыя да моманту транзіту не будзе ўяўляць моцнай кансалідаванай сілы, яна не зможа быць паўнавартасным суб’ектам перамен у Беларусі. Есць рызыка, што апазіцыя страціць магчымасць уплыву на працэсы, асабліва, калі не будзе мець шырокай падтрымкі сярод грамадства. Больш з тое, адсутнасць глабальнай, адзінай стратэгіі дзеяння і кадравага патэнцыялу зробіць немагчымым паспяховую трансфармацыю ў Беларусі.

На дадзеным этапе, калі ёсць пагроза таго, што палітычны крызіс і супрацьстаянне зацягнуцца на неакрэслены час, перад апазіцыяй стаяць наступныя стратэгічныя задачы:

– унутраная кансалідацыя, захаванне шырокага нацыянальна-дэмакратычнага фронту;

– інстытуцыялізацыя – стварэнне матрыцы палітычных інстытутаў і механізмаў кіравання;

– пашырэнне кадравага патэнцыялу для магчымасці атрымання і захавання кантролю ў перыяд трансфармацыі на макра- і мікраўзроўнях, з выкарыстаннем дыяспары;

– захаванне шырокай падтрымкі ўнутры Беларусі;

– узмацненне нацыянальнага дыскурсу, дзеля паступовых зменаў у свядомасці насельніцтва Беларусі і пераадольвання фобіяў, звязаных з нацыянальным адраджэннем;

Інакш кажучы, стварэнне і развіццё інстытуцыянальнай матрыцы і канцэнтрацыя высілкаў, накіраваных на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, на змены ўнутры палітычнай культуры і каштоўнасцей, умацоўвае ідэалагічны і структурны базіс для перамен у будучым. Толькі так апазіцыя можа захаваць свае становішча і быць тым суб’ектам, з якім будзе вымушана лічыцца ўлада ў перыяд транзіту. Толькі так большасць насельніцтва можа пераўтварыцца ў сацыяльны падмурак для грунтоўных рэформаў.

Ідэальны сцэнар развіцця падзей у Беларусі – прыход да ўлады нацыянальна арыентаванай, прафесійнай і адказнай палітычнай эліты, якая мае чалавечыя і фінансавыя рэсурсы для хуткіх і паспяховых рэформаў. У рэальнасці такі сцэнар малаверагодны, пагатоў ён магчымы толькі пры рэвалюцыйным развіцці сітуацыі і патрабуе адзінага палітычнага фронту і гатоўнасці да радыкальных дзеянняў. Перадумовамі для такога сцэнару могуць быць:

– раптоўны сыход (смерць) Лукашэнкі, калі кіроўная эліта можа знаходзіцца ў разгубленасці. Апазіцыя на працягу аднаго-двух дзён павінна арганізаваць маштабны рэвалюцыйны ціск на кіроўны апарат і прымусіць яго да саступак;

– у выніку змены аўтарытарнага лідара наменклатура змагла ў крытычны момант захаваць уладу, але адсутнасць палітычнай волі (праблема кантролю і моцнага ўпраўлення) можа прымусіць наменклатуру да перамоў з апазіцыяй. У гэтай сітуацыі дэмакратычны фронт праз масавыя пратэсты і блакады змушае ўлады да дыялогу і цалкам перахоплівае ўпраўленне краінай.

Зыходзячы з рэальнай сітуацыі, у далёкай перспектыве можна казаць пра дзве палітычныя канфігурацыі з удзелам апазіцыі: наменклатурна-апазіцыйны і апазіцыйна-наменклатурны.

А. Наменклатурна-апазіцыйны сцэнар азначае, што наменклатура/сілавікі здолелі ўтрымацца пры ўладзе і захаваць свае пазіцыі, але для таго, каб панізіць унутраную напружанасць у краіне, прыдаць легітымнасць свайму кіраванню, яны будуць выкарыстоўваць апазіцыю ў сваіх мэтах. У такіх умовах поўная дэмакратызацыя краіны будзе немагчымай, а рэжым набудзе рысы гібрыднага, алігархічнага;

В. Апазіцыйна-наменклатурны сцэнар можа рэалізавацца пры ўмове наяўнасці моцнай уплывовай апазіцыі, якая будзе ў стане змусіць кіроўныя эліты да саступак і кааптаваць частку кіроўнага апарату ў новую сістэму з мэтай захаваць інстытуцыянальную стабільнасць. З аднаго боку, выглядае непазбежным, што частка адміністрацыйна-кіроўнага апарату застанецца на сваіх месцах. У Беларусі каля 200 тысяч дзяржслужачых [7], а апазіцыя пакуль не мае магчымасці сфарміраваць уласны шырокі кіроўны апарат, нават на ўзроўні замяшчэння ключавых пазіцый. З іншага боку, пры захаванні наменклатурна-карпаратыўных (сілавых) уплываў на вышэйшых узроўнях улады, улічваючы асаблівасці культуры чыноўнікаў, такі кампраміс можа затармазіць працэс дэмакратызацыі.

У той ці іншай ступені сцэнар “В” найбольш канструктыўны і дазволіць пазбегчы радыкальных зломаў у грамадстве і дзяржаве, што, тым не менш, будзе патрабаваць таксама рэалізацыі тых механізмаў, якія мінімалізуюць пагрозы сабатажу рашэнняў, карупцыі і аўтарытарнага рэваншу.

Яшчэ раз варта падкрэсліць, што “спакойныя” сцэнары пераходу – ад транзіту, да трансфармацыі – магчымыя толькі ў выпадку, калі Расія застаецца “назіральнікам” за ўнутрыпалітычнымі працэсамі ў Беларусі. У адваротным выпадку пры любым сцэнары наўрад ці ўдасца пазбегнуць умяшальніцтва Масквы, пытанне будзе толькі ў яго форме.

Стратэгія трансфармацыі

Цягам апошніх гадоў розныя апазіцыйныя колы распрацоўвалі свае праграмы дзеянняў і шматлікія праекты эканамічных і інстытуцыянальных рэформаў у Беларусі [8]. У дадзеным тэксце будуць акрэслены базавыя напрамкі, без рэалізацыі якіх паспяховая трансфармацыя будзе малаверагодна.

Як ужо адзначалася, стартавым капіталам для рэформаў будзе ўнутраная кансалідацыя і адзінства апазіцыі ў падыходах і метадах рэалізацыі сістэмных зменаў. Гэта дазволіць накіраваць палітычную энергію не на ўнутраныя спрэчкі і канфлікты (перадзел уплываў), а на дасягненне агульных мэтаў і сацыяльнага дабра. Адзінства таксама будзе гарантаваць шырокую падтрымку грамадства і звузіць прастору для з’яўлення палітыкаў-папулістаў. Важна таксама падкрэсліць, што агульная мабілізацыя і калектыўная адказнасць дадуць магчымасць сканцэнтраваць кадравы, прафесійны, інтэлектуальны патэнцыял дэмакратычнай супольнасці для вырашэння важных для дзяржавы і грамадства пытанняў. Найважнейшае, што для рэалізацыі сістэмных зменаў у новых палітычных эліт будзе не так шмат часу, літаральна ад 6 да 12 месяцаў, пасля чаго пачнецца сістэмны крызіс, узмоцняцца супярэчнасці і магчымы аўтарытарны рэванш.

Дэмакратычная супольнасць ужо павінна мець разгорнуты аналіз магчымых сцэнароў падзей у Беларусі [9] і быць псіхалагічна і палітычна, а галоўнае, практычна падрыхтаванай да нечаканага развіцця сітуацыі ў краіне. Таксама ў наяўнасці павінна быць кадравая база, “банк адміністрацыйна-кіроўнага апарату”. Кадравы рэзерв дае магчымасць гарантаваць стабільнасць кіравання ў цэнтральным апараце і на месцах да моманту выбараў. Адначасова неабходна забяспечыць кантроль над сілавымі структурамі, войскам і спецслужбамі, для захавання ўнутранага кантролю і правапарадку, а таксама дзеля бяспекі дзяржавы перад вонкавымі выклікамі.

Фактычна ўжо цяпер апазіцыя магла б сканцэнтраваць сілы на фармаванні сеткавай дзяржавы (альтэрнатыўных прота-дзяржаўных структур), якія б сталі фундаментам для будучай Беларусі [10].

1. Трансфармацыя палітычнай сістэмы будзе адбывацца ў некалькі этапаў. На першым этапе, некалькі месяцаў з моманту змены ўлады неабходна выправіць функцыянаванне ключавых палітычных інстытутаў праз вяртанне дэмакратычнай канстытуцыі (мадэрнізаванай канстытуцыі 1994 года, якая прадугледжвала наяўнасць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі), правядзенне выбараў ва ўсе ўстановы: парламент, прэзідэнт, мясцовыя саветы. Пры гэтым, улічваючы цяжкасць пераходнага перыяду, рызыка рэваншу альбо сабатажу з боку былой лукашэнкаўскай наменклатуры, сілавікоў, набліжаных да Лукашэнкі бізнес-груп, частка з іх павінна быць пазбаўлена пасіўнага выбарчага права. Гэта часовае, але неабходная мера ў абмежаванні палітычных правоў, на пераходны перыяд да 5 год, каб пазбегнуць перманентных канфліктаў унутры цэнтральных і мясцовых органаў улады, карупцыі і г.д. Прыклад Украіны, Грузіі, Малдовы паказвае, як хутка дэмакратычныя інстытуты пераўтвараюцца ў палітычную зброю супраць дэмакратыі і афармляюць алігархічныя лады.

2. За гады функцыянавання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі сфарміравалася больш-менш кансалідаваная бізнес-наменклатурная групіроўка, якая ўжо цяпер рэалізуе свае ўплывы ў моцнай прывязцы да існуючага палітычнага ладу. Аляксей Алексін (“Энерга-Оіл” і ТДА “Белнафтагаз”), Аляксандр Шакуцін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Зайцаў (“Браміна Груп”), Міхаіл Машэнскі (СП “Санта-Брэмар”) і многія іншыя. Гэта група мае велізарны палітычны і эканамічны рэсурс, які ў перыяд трансфармацыі будзе выкарыстоўвацца для ўтрымання ўласных уплываў і палітычнага кантролю. Дзеля гэтага постлукашэнкаўскі бізнес будзе ствараць або падтрымліваць партыі і арганізацыі, медыя-холдынгі, уключацца ў палітычнае ўпраўленне, што можа прывесці да “прыватызацыі” палітыкі і ўтварэння алігархічнай сістэмы. Без прэвентыўных мер у справе абмежавання палітычных уплываў гэтай групоўкі, Беларусь можа трапіць у сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс, карупцыю і падрыў новых палітычных інстытутаў. Пагатоў гэты алігархічны бізнес будзе шукаць падтрымку ў Маскве. Менавіта таму і павінны быць уведзены абмежаванні для такіх людзей у палітычнай дзейнасці і фінансаванні палітычных арганізацый на пераходны перыяд.

3. Нельга таксама недаацэньваць і ролю былых супрацоўнікаў спецслужбаў Беларусі. У Расіі ігнараванне актыўнасці гэтай групы прывяло да рэваншу ў 2000 годзе і аднаўлення аўтарытарнай сістэмы на чале з Пуціным. Адпаведна адным з механізмаў забеспячэння працэсу трансфармацыі павінна быць люстрацыя. Яна неабходная, перш за ўсе, для аздараўлення грамадства і адбудавання пачуцця справядлівасці. Але, перад усім, вельмі важна, каб людзі, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях і фальсіфікацыях не маглі займаць пасадаў у дзяржаўных інстытутах: судах, пракуратуры, сілавых структурах, інстытутах кіравання і сістэме адукацыі. Канечне, гэта можа спарадзіць дэфіцыт кадраў, але без усебаковай люстрацыі будзе цяжка стварыць дзейсную прававую сістэму, эфектыўныя інстытуты цэнтральнай і мясцовай улады.

4. Неадкладна павінны быць ліквідаваны прадзяржаўныя масавыя арганізацыі, такія як БРСМ, БРПА, “Белая Русь”. Гэта датычыцца і інстытуту “дзяржаўнай ідэалогіі”. Неабходна суцэльна перагледзіць дзяржаўную палітыку ў сферы СМІ, скасаваць неабмежаваны дзяржаўны кантроль над інфармацыйнай прасторай, вярнуць інфармацыйны плюралізм і ўзмацніць нацыянальны дыскурс беларускіх СМІ.

5. Для кансалідацыі дэмакратычных інстытутаў неабходна, каб адбыліся змены ў палітычнай культуры і свядомасці грамадзян, змяніліся адносіны да палітыкі. А гэта магчыма пры актыўным удзеле ў грамадзян у палітычным жыцці на мясцовым і агульнанацыянальным узроўні. Гэта актыўнасць будзе выражацца ў старэнні грамадзянскіх аб’ядннанняў і ініцыятыў, ад камунальных суполак да бацькоўскіх камітэтаў у школах, адным з элементаў такой актыўнасці з’яўляецца студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах. Агульна ў Беларусі павінны быць уведзены акадэмічныя свабоды і забяспечана хуткая інтэграцыя нацыянальнай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую.

6. Мэтазгодным з’яўляецца таксама стварэнне Інстытуту нацыянальнай памяці, які забяспечыць працэс шырокай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі грамадства, забяспечыць захаванне і доступ да архіваў часоў СССР і кіравання Лукашэнкі. Адпаведна дзейнасць інстытуту будзе накіравана на аднаўленне гістарычнай праўды і даследаванне злачынстваў у дачыненні да беларускага народа.

7. Пазітыўны вынік палітычнай трансфармацыі немагчымы без апоры на нацыянальную свядомасць і дэмакратычныя каштоўнасці большасці беларускага грамадства. Гэта абумоўлівае папулярызацыю нацыянальнай мовы і культуры, паступовае, але сістэмнае ўвядзенне беларускай мовы на дзяржаўны элітарны ўзровень, узмацненне нацыянальнай адукацыі і арыентацыя на пабудаванне нацыянальнай дзяржавы.

Пры актуальным геапалітычным раскладзе, які грунтуецца на агрэсіўнай (імперыяльнай) палітыцы Расіі, будзе немагчыма пазбегнуць канфрантацыі з Масквой, у працэсе палітычных зменаў у Беларусі. Усходняя суседка так ці інакш будзе дэстабілізацыйна ўплываць на падзеі ў краіне. Гэта трэба разумець як апазіцыі з грамадствам, там і міжнароднай супольнасці. З аднаго боку, новыя палітычныя эліты могуць будаваць свае адносіны з Расіяй на аснове нейтральнасці і роўных дачыненняў як з Захадам, так і з Усходам, але з іншага боку – мець моцныя гарантыі міжнародных арганізацый і структур абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Разам з гэтым, таксама трэба разумець, што тыя краіны, які развіваюцца па-за сістэмай палітычных і эканамічных уплываў і каардынат Еўрапейскага Саюза, маюць сур’езныя праблемы ў працэсе трансфармацыі і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў. Еўрапейскі Саюз стварае моцную прававую і інстытуцыянальную абалонку для пераходу да дэмакратыі, супрацьдзейнічае аўтарытарным і карупцыйным з’явам і змушае кіроўныя эліты да выканання прававых нормаў. Калі казаць пра Беларусь, то, улічваючы доўгі досвед быцця ў аўтарытарнай рэчаіснасці, слабасць дэмакратычнай і прававой культуры, без арыентацыі на Еўрапейскі Саюз з перспектывай інтэграцыі, без апоры на эканамічную і палітычную дапамогу, паспяхова пераадолець пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі будзе вельмі цяжка.

 

Зноскі:

1)   Thomas Carothers “The end of the transition paradigm”, https://www.journalofdemocracy.org/wp-content/uploads/2012/02/Carothers-13-1.pdf.

2)  “Суверенная демократия”: идеология государства или “партии власти”? https://ria.ru/20060719/51553356.html.

3) Chatham House, “Результаты социологического опроса, проведенного с 20 по 30 апреля 2021 года. Взгляды белорусов на политический кризис”, https://www.chathamhouse.org/sites/default/files/2021-06/2021-06-14-belarusians-views-political-crisis-russian.pdf.

4)   Współpraca i integracja militarno – strategiczna pomiędzy Białorusią i Rosją, https://studium.uw.edu.pl/wp-content/uploads/2021/06/BwR_raport2.pdf.

5)   Декрет Президента Республики Беларусь 9 мая 2021 г. № 2, О защите суверенитета и конституционного строя, https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=Pd2100002&p1=1.

6)   Путин заявил о создании резерва силовиков для Белоруссии: https://www.rbc.ru/politics/27/08/2020/5f478b809a7947e8079f1cb7.

7) Лукашенко не предадут? Готовы ли чиновники выступить против него, https://www.dw.com/ru/lukashenko-ne-predadut-gotovy-li-chinovniki-vystupit-protiv-nego/a-57303516.

8) “Народнае Антыкрызіснае Кіраванне”, https://belarus-nau.org/, “Штаб Святланы Ціханоўскай”, https://tsikhanouskaya.org/ru/; “Праграма «Вольная Беларусь»”, http://www.bielarus.net/pdf/Program_Bolnaja_Bielarus_internet.pdf.

9)   В штабе Тихановской рассказали о шести сценариях развития ситуации в Беларуси, https://www.currenttime.tv/a/belarus-stsenarii-sobytii-tihanovskaya/30983404.html.

10) Павел Усов, “Сетевое государство”, http://ceapp.info/2020/10/setevoe-gosudarstvo/.

 

***

Выдаецца ў рамках праектнай лініі «RAZAM-RAZEM-ZUZAM» на сродкі Міністэрства Замежных Cпраў ФРГ выдзеленыя Фондам Польска-Нямецкага Cупрацоўніцтва.

Skoro tu jesteś...

...mamy do Ciebie małą prośbę. Żyjemy w dobie poważnych zagrożeń dla pluralizmu polskich mediów. W Kulturze Liberalnej jesteśmy przekonani, że każdy zasługuje na bezpłatny dostęp do najwyższej jakości dziennikarstwa

Każdy i każda z nas ma prawo do dobrych mediów. Warto na nie wydać nawet drobną kwotę. Nawet jeśli przeznaczysz na naszą działalność 10 złotych miesięcznie, to jeśli podobnie zrobią inni, wspólnie zapewnimy działanie portalowi, który broni wolności, praworządności i różnorodności.

Prosimy Cię, abyś tworzył lub tworzyła Kulturę Liberalną z nami. Dołącz do grona naszych Darczyńców!

SKOMENTUJ
(47/2021)
26 listopada 2021

PRZECZYTAJ INNE Z TEGO NUMERU

KOMENTARZE



WAŻNE TEMATY:

TEMATY TYGODNIA

drukuj