Беларускі народ чакае доўгі і складаны шлях да дэмакратыі са шматлікімі выклікамі, пераадольванне якіх будзе патрабаваць глыбокай мабілізацыі і свядомай грамадзянскай актыўнасці большасці насельніцтва. Гэтыя актыўнасць і дзейнасць будуць неабходныя не толькі для адхілення ад улады аўтарытарнага кіраўніцтва, але, перш за ўсе, для дасягнення паспяховай дэмакратызацыі дзяржаўнай сістэмы праз палітычныя і эканамічныя рэформы.
Пасля змены рэжыму ў Беларусі прынцыпова важным з’яўляецца недапушчэнне скачвання дзяржавы і грамадства ў перманентны працэс трансфармацыі і ўнутранай палітычнай турбулентнасці, як гэта ў рознай ступені адбываецца ў Грузіі, Малдове і Украіне. Хвалі крызісаў і ўнутраных канфліктаў у гэтых постсавецкіх краінах фарміруюць пэўныя палітычныя страхі ў свядомасці беларусаў і недавер да перамен у цэлым. У сваю чаргу, страхі, а таксама стэрэатыпы выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі для маніпуляцыі свядомасцю грамадзян, нібы перамены абавязкова прывядуць да негатыўных вынікаў і сістэмнай дэстабілізацыі, а магчыма і войнаў. Тым не менш нельга ігнараваць наяўнасці такой рызыкі для Беларусі, калі новая ўлада ўвязне ў карупцыі і ўнутраных інтрыгах. У сваю чаргу, працэс перманентнай трансфармацыі (інстытуцыянальны параліч, ратацыі ўрадаў) будзе ўтрымліваць Беларусь у “шэрай зоне” [1], а сацыяльна-эканамічныя і палітычныя крызісы створаць пагрозу аўтарытарнага рэваншу.
На працэс паспяховай трансфармацыі і дэмакратычнай кансалідацыі будзе ўплываць шмат знешне- і ўнутрыпалітычных фактараў. Ключавымі з’яўляюцца: 1. Стан палітычнай сістэмы ў Беларусі; 2. Сітуацыя ўнутры грамадства і апазіцыі; 3 Геапалітычная сітуацыя ў момант змены ўлады і трансфармацыі.
Згаданыя вышэй фактары ў значнай ступені будуць акрэсліваць тое, ці ў Беларусі сапраўды адбудзецца пераход ад аўтарытарнага праўлення да стабільнай дэмакратычнай сістэмы, або ў краіне пройдуць працэсы, якія абмяжуюцца ўнутрыаўтарытарным транзітам улады.
Перад усім паспяховасць трансфармацыі будзе залежыць ад палітычнай адказнасці і спеласці дэмакратычных эліт і грамадства. З аднаго боку, абуджэнне грамадства ў 2020 годзе стварае спадзяванні на тое, што ў насельніцтва будзе захоўвацца вялізарнае запатрабаванне на дэмакратыю заходняга ўзору, а не на расійскую “суверэнную дэмакратыю” [2]. З іншага – беларускае грамадства ўсё яшчэ знаходзіцца на этапе нацыянальнай кансалідацыі і асэнсавання свайго геапалітычнага быцця, палітычных каштоўнасцей, а таксама разумення таго, якой павінна быць краіна.
Тыя сацыялагічныя апытанні, які спрабуюць праводзіць незалежныя аналітычныя цэнтры, паказваюць даволі складаны і неадназначны сацыяльна-палітычны ландшафт Беларусі.
Напрыклад, паводле дадзеных цэнтра палітычных даследаванняў “Chatham House” з лета 2021 года, 56% апытаных беларусаў пазітыўна ставяцца да постаці Уладзіміра Пуціна, 17% – нейтральна, 27% – негатыўна. 32% грамадзян выступаюць за інтэграцыю з Расіяй, толькі 9% – з ЕС. 11% выступаюць за шчыльны інстытуцыянальны саюз з Расійскай Федэрацыяй, а 7% – за ўваход у склад РФ (калі перанесці гэта на ўсё насельніцтва краіны, што мае права голасу, то лічба можа складаць да 300 тысяч чалавек), 44% беларусаў выступаюць за шчыльную эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Каля 60% апытаных лічаць, што пасля змены ўлады Беларусь павінна заставацца ў АДКБ [3]. Гэтыя апытанні паказваюць, наколькі няясным з’яўляецца бачанне будучыні ўласнай краіны з боку большасці грамадзян, што сведчыць пра слабую артыкуляцыю нацыянальных інтарэсаў і дэмакратычных каштоўнасцей у свядомасці беларусаў.
Больш за тое, вынікі апытання сведчыць і пра тое, што ў часткі беларускага грамадства ўсё яшчэ існуе запыт на аўтарытарызм. Магчыма, што падобны стан свядомасці звязаны з унутранай патрэбай стабільнасці і прадказальнасці ў палітычных і эканамічных працэсах. На такіх ментальных схемах будуецца вера ў тое, што моцная аўтарытарная ўлада і лідарства, а не нармальна функцыянуючыя дзяржаўныя інстытуты, з’яўляюцца гарантыяй усеагульнага дабрабыту насельніцтва. Адсюль бярэцца міфалагізаваны погляд на Пуціна і Расію як прагрэсіўны аўтарытарызм. Такое бачанне можа будавацца на пачуцці ўласнага дзяржаўнага правінцыялізму, недахопу веры ў тое, што Беларусь – самадастатковая дзяржава.
Ужо цяпер можна сказаць, што палітычная трансфармацыя ў Беларусі будзе адбывацца ў складаных сацыяльных і палітычных умовах, і тое, якім будзе канчатковы вынік дадзенага працэсу, прадбачыць немагчыма. Дакладна, што без глыбінных зменаў у палітычнай культуры і свядомасці беларусаў ажыццявіць сістэмныя перамены будзе даволі цяжка, асабліва калі ўлічваць узмоцнены працэс інтэграцыі з Расіяй.
Зыходзячы з таго, якім чынам развіваецца сітуацыя ў Беларусі, можна акрэсліць наступныя сцэнары палітычных зменаў у Беларусі і іх магчымыя вынікі ў перспектыве некалькіх гадоў.
І. Сцэнары пераменаў
1. Геапалітычныя рамкі палітычных пераменаў
Не выклікае сумневу, што ў бліжэйшыя гады геапалітычнае становішча Беларусі будзе акрэсліваць характар і сутнасць палітычных змен. Чым глыбей краіна будзе пагружацца ў інтэграцыйныя праекты з Расіяй, тым менш шанцаў на тое, што ў Беларусі адбудуцца зрухі дэмакратычнага характару. Ужо цяпер геапалітычнае становішча рэспублікі вельмі небяспечнае і не спрыяе хуткім палітычным пераменам у краіне, больш за тое, фармат адносін з Расійскай Федэрацыяй стварае ўмовы для кансервацыі аўтарытарнай сістэмы.
Як паказалі падзеі 2020 году, Масква застаецца галоўным суб’ектам, які наўпрост уплывае на палітычныя працэсы ўнутры Беларусі. Эканамічны, палітычны і ваенны саюз з Расіяй дае апошняй неабмежаваныя магчымасці для наўпроставага ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. Агульныя тэндэнцыі апошніх месяцаў сведчаць пра тое, што Масква зацікаўлена ў максімальным аслабленні суверэнітэту рэспублікі. У сваю чаргу, у межах функцыянальнай саюзнай дзяржавы дэмакратызацыя Беларусі не можа адбыцца ў прынцыпе, нават калі Лукашэнка будзе вымушаны сысці са сваёй пасады.
Сёння для расійскага кіраўніцтва важным з’яўляецца захаванне сваіх уплываў у Беларусі, што магчыма толькі пры наяўнасці ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Безумоўна, Крэмль можа быць зацікаўлены ў змене кіраўніка (транзіце ўлады), але не ў дэмакратызацыі дзяржавы (трансфармацыі сістэмы). Масква мае ў сваіх руках велізарныя рэсурсы для рэалізацыі ўнутрыаўтарытарнага транзіту ўлады, але Крэмль не ўпэўнены ў тым, што да канца зможа кантраляваць працэс пераходу ўлады ўнутры сістэмы ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі, без небяспечных зрухаў у грамадстве, таму не спяшаецца ісці на такія радыкальныя крокі.
Калі дапусціць, што сыход Лукашэнкі адбудзецца цягам наступных 5 гадоў, то Крэмль можа падтрымаць любы сцэнар транзіту ўлады, які захавае аўтарытарны рэжым у краіне, які, у сваю чаргу, будзе арыентавацца на Расію і бараніць яе стратэгічныя інтарэсы ў Беларусі. Вынікам транзіту ўлады, адаптаванага пад чаканні Масквы, павінна быць:
– шчыльнасць і інтэгральнасць ваенна-стратэгічных сістэм (Рэгіянальная групіроўка войскаў, Аб’яднаная сістэма супрацьпаветранай абароны, размяшчэнне новых ваенных аб’ектаў/баз ваеннага кантынгенту ў Беларусі);
– эканамічная залежнасць, прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, умацаванне расійскіх алігархічных груп у Беларусі;
– фарміраванне моцных прарасійскіх палітычных суб’ектаў у Беларусі (партый і арганізацый, якія могуць актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах у Беларусі ў перыяд транзіту);
– працяг дэнацыяналізацыі ключавых палітычных і сацыяльных інстытутаў, а таксама структур дзяржаўнай бяспекі, якія і на сённяшні дзень цяжка назваць нацыянальнымі [4].
У перыяд транзіту ўлады ў Беларусі Расія можа рэалізаваць два сцэнары:
Прамы палітычны кантроль (магчымы ў доўгатэрміновай перспектыве, ва ўмовах дынамічнага развіцця інтэграцыйных працэсаў)
Дадзены варыянт абумоўлівае стаўку на прарасійскія кіроўныя эліты ў Беларусі, фактычнае прызначэнне фігуры прэзідэнта. Правадніком расійскіх інтарэсаў можа стаць часовы пераходны ўрад, які сфарміруецца на базе Савета бяспекі. Апошні ўжо атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы і можа самастойна рэалізоўваць тую ці іншую палітыку падчас пераходу ўладных паўнамоцтваў [5]. Пры гэтым працэс можа кантралявацца і падтрымлівацца наднацыянальнымі органамі Саюзнай дзяржавы і нават расійскай ваеннай прысутнасцю, якая можа пашырыцца цягам наступных гадоў. Прастора для палітычнай актыўнасці будзе заставацца абмежаванай, а наступным “прэзідэнтам” можа быць абраны або прадстаўнік клану Лукашэнкі (Азербайджанскі варыянт), альбо чалец наменклатурна-вайсковай групіроўкі (Узбекскі варыянт). Такая канфігурацыя будзе спрыяць інтэнсіўнаму распаду беларускай дзяржаўнасці і вычэрпванню сацыяльна-эканамічных рэсурсаў краіны.
Ускосны кантроль, магчымы ва ўмовах захавання інтэграцыйнага status quo (Армянскі сцэнар )
Гэты сцэнар прадугледжвае мяккі аўтарытарны транзіт, які забяспечвае гарантыі захавання расійскай стратэгічнай прысутнасці ў Беларусі, пакідае Беларусь у ключавых геапалітычных праектах АДКБ, ШАС, Саюзе з Расіяй пры паслабленым кантролі за ўнутрыпалітычнымі працэсамі. Такі сцэнар можа спрыяць больш шырокай палітычнай аўтаноміі для грамадзянскай супольнасці, што стварае ўмовы (хоць і вельмі абмежаваныя) для кампрамісу паміж апазіцыяй і кіроўнай наменклатурай. Гэта не выключае ўмоўна дэмакратычнага прадстаўніцтва ў парламенце і мясцовых радах, але без сістэмнай дэмакратызацыі дзяржаўных інстытутаў. У сваю чаргу такі варыянт будзе патрабаваць суцэльнай згоды апазіцыйнага руху на наменклатурную фігуру ў якасці прэзідэнта, падкантрольную Маскве. Разам з тым будзе рабіцца ўпор на далейшы дэмантаж нацыянальнага фундаменту і дзяржаўнасці. Фактычна ўсталёўваецца гібрыдны рэжым з моцнымі прарасійскімі алігархічнымі ўплывамі. Рэалізацыя антынацыянальнай палітыкі будзе падрываць сацыяльна-культурныя ўмовы і магчымасці для фарміравання моцнага антырасійскага руху, а хуткае зліццё беларускіх і расійскіх інтарэсаў і пашырэнне карупцыі абумовяць далейшую дэградацыю Беларусі.
У сваю чаргу, нацыянальная рэвалюцыя ва ўмовах інтэграцыі з Расіяй на маю думку, немагчымая, гэта прывядзе да імгненнай інтэрвенцыі з боку Масквы. Фактычна падобная сітуацыя склалася адразу пасля выбараў 2020 году, калі Пуцін заявіў пра фарміраванне вайсковага рэзерву, які мог быць выкарыстаны ў Беларусі ў выпадку актыўных дзеянняў пратэстоўцаў [6]. Іншым выклікам для нацыянальнай рэвалюцыі і дэмакратычнага транзіту ўлады з’яўляецца моцная арыентацыя сілавога і наменклатурнага блокаў на Маскву. Па сутнасці яны гатовы хутчэй падтрымаць прысутнасць Расіі ў Беларусі і абмежаванне суверэнітэту, чым нацыянальную рэвалюцыю.
Такім чынам, аўтарытарная Расія будзе заўсёды з’яўляцца цывілізацыйным выклікам для Беларусі і будзе імкнуцца выкарыстаць перамены ў краіне ў сваіх інтарэсах.
У рэальнасці хуткія і пазітыўныя змены могуць адбыцца пры аслабленні эканамічнай і стратэгічнай залежнасці ад Расіі, што магчыма:
1. A. Пры вельмі хуткім палітычным транзіце ўлады ў Беларусі, да якога Масква не будзе падрыхтавана;
2. Пры ўнутрыпалітычнай і эканамічнай турбуленцыі ў самой Расіі, калі ўласныя праблемы (крызіс) вымусяць Маскву аслабіць свае ўплывы на Беларусь;
Так ці інакш для таго каб выкарыстаць тую ці іншую сітуацыю ў інтарэсах Беларусі і запусціць працэс палітычнай трансфармацыі, неабходны кансалідаваны нацыянальна-дэмкратычны фронт з шырокай падтрымкай грамадства.
На дадзеным этапе дэмакратычная супольнасць Беларусі павінна сканцэнтраваць сілы на тармажэнні пашырэння ўплываў Расіі ў рэспубліцы. Ізноў жа, для гэтага неабходна:
– агульная нацыянальная кансалідацыя беларускага грамадства і апазіцыі. Спробы “спадабацца” Крамлю, атрымаць падтрымку не будуць спрыяць узмацненню пазіцыі новай апазіцыі;
– фармаванне, з аднаго боку, антырасійскіх, а з другога – праеўрапейскіх настрояў і арыентацый у беларускім грамадстве;
– сістэмная падтрымка з боку Захаду (ЕС, у прыватнасці) для развіцця беларускіх нацыянальных інстытутаў і супрацьдзеянне пашырэнню саюзнай інтэграцыі на міжнародным узроўні. Урэшце для Еўропы Беларусь павінна стаць геапалітычным прыярытэтам;
Апошні тэзіс павінен быць вуглавым каменем у агульнай стратэгіі Еўрапейскага саюзу ў дачыненні да Беларусі, незалежна ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ўнутры краіны.
2. Палітычная сістэма ў перыяд транзіту ўлады
Характар і напрамак палітычных зменаў безумоўна залежыць ад таго, у якім стане будзе знаходзіцца палітычны рэжым і кіроўная эліта. Унутраная кансалідацыя ўлады будзе акрэсліваць здольнасці сістэмы супрацьстаяць пераменам, у сваю чаргу, распад дзяржаўных структур змусіць кіроўныя групы шукаць кампраміс і ісці на саступкі грамадству. Акрэсленая цяпер палітыка рэжыму шмат у чым будзе фарміраваць характар будучых перамен. Працяг рэпрэсій, тэрор, бяспраў’е паглыбяць супярэчнасці ў грамадстве, узмацняць градус узаемнай нянавісці і схільнасці да гвалту, што можа стварыць умовы для радыкальна рэвалюцыйных зломаў у краіне і доўгага палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве пасля таго, як палітычны кантроль пачне аслабляцца.
Канешне, стабільнасць сістэмы рэч умоўная, есць шэраг фактараў, якія немагчыма прадбачыць і якія могуць змяніць змест палітыкі і палітычных адносін у Беларусі. Сярод такіх фактараў можа быць раптоўная хвароба Лукашэнкі, яго раптоўны сыход, ваенны пераварот у Беларусі, сістэмныя праблемы ў Расіі, пашырэнне знешнепалітычнай канфрантацыі і г.д.
У дадзеным тэксце даецца ацэнка таму, як будзе развівацца сітуацыя, зыходзячы з сённяшніх палітыка-псіхалагічных умоў унутры кіроўнай эліты і грамадства.
Тыя акалічнасці, якія склаліся ў Беларусі цяпер, даюць падставы сцвярджаць, што Лукашэнка не збіраецца добраахвотна адмаўляцца ад улады ў бліжэйшы час, а наадварот будзе рабіць усе магчымае, каб не толькі захаваць свае пазіцыі, але і перадаць кіраванне каму-небудзь са свайго атачэння, магчыма, малодшаму сыну Мікалаю. Дзеля гэтага яму неабходна стварыць такія структуры кіравання, якія забяспечаць стабільнасць яго ўлады і стабільнасць сістэмы на доўгі час, прынамсі на 7-10 гадоў. Палітычны крызіс падштурхнуў Лукашэнку і яго атачэнне да глыбокіх трансфармацый функцыянавання рэжыму ў кірунку таталітарызму са знішчэннем грамадзянскай аўтаноміі.
Разам з гэтым, адбылася ўнутраная кансалідацыя вышэйшай наменклатуры і сілавікоў. Гэта новая палітычная эліта коштам развіцця дзяржавы і грамадства будзе забяспечваць сваю ўладу і імкнуцца да захавання пераемнасці ў аўтарытарным лідарстве. Злачынствы, якія ўчыняе кіроўная група, падштурхоўваюць да яшчэ большай кансалідацыі і большых рэпрэсій, бо толькі ўтрыманне ўлады з’яўляецца гарантыяй іх бяспекі і беспакаранасці. Інакш кажучы, захаванне неататалітарнай сістэмы – псіхалагічная патрэба тых людзей, якія рэалізуюць і абслугоўваюць сённяшні рэжым. Гэта таксама азначае, што на дадзеным этапе гэтая група не гатовая ісці ні на якія кампрамісы ў бліжэйшай будучыні.
Сыходзячы з гэтага палажэння ўнутры палітычнай сістэмы можна акрэсліць наступныя сцэнары аўтарытарнага транзіту ўлады:
А. Кланавы транзіт. Утрыманне ўлады ўнутры кіроўнай эліты. Мэта – захаваць персаналісцкі рэжым і кансалідаваную ўладу ў руках сыноў Лукашэнкі – Віктара ці Мікалая. Дзеля гэтага ўносяцца адмысловыя папраўкі ў канстытуцыю (2022-2023 гады), якія павінны забяспечыць знаходжанне Лукашэнкі-старэйшага пры ўладзе на наступны 5-7 гадоў з магчымасцю падрыхтаваць унутрыкланавы транзіт. Такі пераход магчымы выключна пры працяглым захаванні ўлады ў руках дзейснага дыктатара і персанальнай адданасці наменклатурна-сілавога апарату сям’і;
В. Вайскова-наменклатурны транзіт (Узбекскі варыянт) прадугледжвае абмежаванне ўплываў сям’і або адхіленне яе ад улады (пасля сыходу Лукашэнкі) і канцэнтрацыі ўсіх палітычных і эканамічных інструментаў у руках групы вышэйшых чыноўнікаў і сілавікоў. Новы рэжым будзе працягваць практыкі папярэдняга, бо гэта асноўная ўмова яго выжывання. Тым не менш рэалізацыя палітыкі тэрору ў доўгатэрміновай перспектыве не магчымая, а ўмоўная легітымацыя новай улады неабходна для яе стабільнасці. У гэтым выпадку нельга выключаць абмежаванага кампрамісу з апазіцыйным рухам (асобнымі групамі), калі той застанецца ўплывовай сілай у доўгатэрміновай перспектыве. Зараз цяжка сказаць, наколькі глыбокім магчымы такі кампраміс і ці падштурхне ён да сістэмных змен, або роля апазіцыі будзе абмежавана дэкаратыўнымі палітычнымі функцыямі, без уплыву на працэсы кіравання, асабліва, калі яна будзе разбіта на часткі.
У сваю чаргу, чым даўжэй Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, тым цяжэй будзе адбывацца працэс змены ўлады і дэмакратызацыі краіны, незалежна ад таго, які сцэнар транзіту чакае краіну. Працяглае кіраванне Лукашэнкі, з аднаго боку, будзе спрыяць далейшай унутранай кансалідацыі сістэмы, вынішчэнню грамадскіх інстытутаў, інтэлектуальнаму, прафесійнаму вычэрпванню беларускага грамадства і агульнай дэградацыі соцыуму і эканамічнай сістэмы. З іншага боку, частка грамадства, сацыяльныя групы, якія рэалізуюць неататалітарную палітыку, будуць суцэльна супрацьстаяць дэмакратычнаму транзіту, забяспечваць кансервацыю сітуацыі і такім чынам прыспешваць негатыўныя тэндэнцыі ўнутры грамадства і эканомікі.
Такім чынам, узрастаюць эканамічныя і палітычныя кошты перамен. Напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2020-2021 годзе, пры наяўнасці велізарнага псіхалагічнага імпэту, прафесійнага чалавечага рэсурсу, больш-менш стабільнай фінансавай і прамысловай сістэмы і г.д. – рэалізацыя палітычнай і эканамічнай трансфармацыі патрабавала б менш часу і высілкаў (кансалідацыі грамадства) і фінансавых затрат. Пасля 2021 года (напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2025 годзе) ва ўмовах вымывання інтэлектуальнага і прафесійнага рэсурсу краіны (рухавіка рэформаў), знішчэння грамадскіх інстытутаў, разбурэння эканамічна актыўнага сярэдняга класа, узрастання крызісных з’яў у дзяржаўнай сферы вытворчасці, павелічэння схаванага беспрацоўя і незадаволенасці і г.д. – рэалізацыя сістэмных рэформаў будзе патрабаваць большых эканамічна-чалавечых затрат, рэсурсаў і, адпаведна, часу. Інакш кажучы, рэфармаваць больш-менш стабільную сацыяльную і эканамічную сістэму прасцей, чым сістэму ў стане разбурэння. Нельга не адзначыць, што разбуральны эфект для беларускай эканомікі будзе аказваць палітыка санкцый і эканамічная ізаляцыя Беларусі.
3. Апазіцыя і грамадства: рухавікі пераменаў
Шанец для дэмакратычнага транзіту Беларусі магчымы толькі пры моцнай мабілізацыі і кансалідацыі апазіцыі і грамадства, толькі пры ўмове іх непасрэднага ўдзелу ў палітычных працэсах. На сённяшнім этапе гістарычнага развіцця Беларусі можна заўважыць негатыўныя тэндэнцыі, якія абазначыліся ў беларускім грамадстве і апазіцыі, што сталася вынікам разбуральнай палітыкі тэрору і ўмацавання дзейснага рэжыму.
З цягам часу такія з’явы, як расчараванне, пасіўнасць, недавер у грамадстве і канфлікты, сегментацыя, разгубленасць у апазіцыі, пашыраюцца. Новыя апазіцыйныя структуры былі і застаюцца негатовымі да сістэмнага і доўгатэрміновага супрацьстаяння рэжыму. Іх дзейнасць застаецца на ўзроўні няўрадавых арганізацыі і партый з крыху большай міжнароднай прысутнасцю. Разам з тым, калі апазіцыя да моманту транзіту не будзе ўяўляць моцнай кансалідаванай сілы, яна не зможа быць паўнавартасным суб’ектам перамен у Беларусі. Есць рызыка, што апазіцыя страціць магчымасць уплыву на працэсы, асабліва, калі не будзе мець шырокай падтрымкі сярод грамадства. Больш з тое, адсутнасць глабальнай, адзінай стратэгіі дзеяння і кадравага патэнцыялу зробіць немагчымым паспяховую трансфармацыю ў Беларусі.
На дадзеным этапе, калі ёсць пагроза таго, што палітычны крызіс і супрацьстаянне зацягнуцца на неакрэслены час, перад апазіцыяй стаяць наступныя стратэгічныя задачы:
– унутраная кансалідацыя, захаванне шырокага нацыянальна-дэмакратычнага фронту;
– інстытуцыялізацыя – стварэнне матрыцы палітычных інстытутаў і механізмаў кіравання;
– пашырэнне кадравага патэнцыялу для магчымасці атрымання і захавання кантролю ў перыяд трансфармацыі на макра- і мікраўзроўнях, з выкарыстаннем дыяспары;
– захаванне шырокай падтрымкі ўнутры Беларусі;
– узмацненне нацыянальнага дыскурсу, дзеля паступовых зменаў у свядомасці насельніцтва Беларусі і пераадольвання фобіяў, звязаных з нацыянальным адраджэннем;
Інакш кажучы, стварэнне і развіццё інстытуцыянальнай матрыцы і канцэнтрацыя высілкаў, накіраваных на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, на змены ўнутры палітычнай культуры і каштоўнасцей, умацоўвае ідэалагічны і структурны базіс для перамен у будучым. Толькі так апазіцыя можа захаваць свае становішча і быць тым суб’ектам, з якім будзе вымушана лічыцца ўлада ў перыяд транзіту. Толькі так большасць насельніцтва можа пераўтварыцца ў сацыяльны падмурак для грунтоўных рэформаў.
Ідэальны сцэнар развіцця падзей у Беларусі – прыход да ўлады нацыянальна арыентаванай, прафесійнай і адказнай палітычнай эліты, якая мае чалавечыя і фінансавыя рэсурсы для хуткіх і паспяховых рэформаў. У рэальнасці такі сцэнар малаверагодны, пагатоў ён магчымы толькі пры рэвалюцыйным развіцці сітуацыі і патрабуе адзінага палітычнага фронту і гатоўнасці да радыкальных дзеянняў. Перадумовамі для такога сцэнару могуць быць:
– раптоўны сыход (смерць) Лукашэнкі, калі кіроўная эліта можа знаходзіцца ў разгубленасці. Апазіцыя на працягу аднаго-двух дзён павінна арганізаваць маштабны рэвалюцыйны ціск на кіроўны апарат і прымусіць яго да саступак;
– у выніку змены аўтарытарнага лідара наменклатура змагла ў крытычны момант захаваць уладу, але адсутнасць палітычнай волі (праблема кантролю і моцнага ўпраўлення) можа прымусіць наменклатуру да перамоў з апазіцыяй. У гэтай сітуацыі дэмакратычны фронт праз масавыя пратэсты і блакады змушае ўлады да дыялогу і цалкам перахоплівае ўпраўленне краінай.
Зыходзячы з рэальнай сітуацыі, у далёкай перспектыве можна казаць пра дзве палітычныя канфігурацыі з удзелам апазіцыі: наменклатурна-апазіцыйны і апазіцыйна-наменклатурны.
А. Наменклатурна-апазіцыйны сцэнар азначае, што наменклатура/сілавікі здолелі ўтрымацца пры ўладзе і захаваць свае пазіцыі, але для таго, каб панізіць унутраную напружанасць у краіне, прыдаць легітымнасць свайму кіраванню, яны будуць выкарыстоўваць апазіцыю ў сваіх мэтах. У такіх умовах поўная дэмакратызацыя краіны будзе немагчымай, а рэжым набудзе рысы гібрыднага, алігархічнага;
В. Апазіцыйна-наменклатурны сцэнар можа рэалізавацца пры ўмове наяўнасці моцнай уплывовай апазіцыі, якая будзе ў стане змусіць кіроўныя эліты да саступак і кааптаваць частку кіроўнага апарату ў новую сістэму з мэтай захаваць інстытуцыянальную стабільнасць. З аднаго боку, выглядае непазбежным, што частка адміністрацыйна-кіроўнага апарату застанецца на сваіх месцах. У Беларусі каля 200 тысяч дзяржслужачых [7], а апазіцыя пакуль не мае магчымасці сфарміраваць уласны шырокі кіроўны апарат, нават на ўзроўні замяшчэння ключавых пазіцый. З іншага боку, пры захаванні наменклатурна-карпаратыўных (сілавых) уплываў на вышэйшых узроўнях улады, улічваючы асаблівасці культуры чыноўнікаў, такі кампраміс можа затармазіць працэс дэмакратызацыі.
У той ці іншай ступені сцэнар “В” найбольш канструктыўны і дазволіць пазбегчы радыкальных зломаў у грамадстве і дзяржаве, што, тым не менш, будзе патрабаваць таксама рэалізацыі тых механізмаў, якія мінімалізуюць пагрозы сабатажу рашэнняў, карупцыі і аўтарытарнага рэваншу.
Яшчэ раз варта падкрэсліць, што “спакойныя” сцэнары пераходу – ад транзіту, да трансфармацыі – магчымыя толькі ў выпадку, калі Расія застаецца “назіральнікам” за ўнутрыпалітычнымі працэсамі ў Беларусі. У адваротным выпадку пры любым сцэнары наўрад ці ўдасца пазбегнуць умяшальніцтва Масквы, пытанне будзе толькі ў яго форме.
Стратэгія трансфармацыі
Цягам апошніх гадоў розныя апазіцыйныя колы распрацоўвалі свае праграмы дзеянняў і шматлікія праекты эканамічных і інстытуцыянальных рэформаў у Беларусі [8]. У дадзеным тэксце будуць акрэслены базавыя напрамкі, без рэалізацыі якіх паспяховая трансфармацыя будзе малаверагодна.
Як ужо адзначалася, стартавым капіталам для рэформаў будзе ўнутраная кансалідацыя і адзінства апазіцыі ў падыходах і метадах рэалізацыі сістэмных зменаў. Гэта дазволіць накіраваць палітычную энергію не на ўнутраныя спрэчкі і канфлікты (перадзел уплываў), а на дасягненне агульных мэтаў і сацыяльнага дабра. Адзінства таксама будзе гарантаваць шырокую падтрымку грамадства і звузіць прастору для з’яўлення палітыкаў-папулістаў. Важна таксама падкрэсліць, што агульная мабілізацыя і калектыўная адказнасць дадуць магчымасць сканцэнтраваць кадравы, прафесійны, інтэлектуальны патэнцыял дэмакратычнай супольнасці для вырашэння важных для дзяржавы і грамадства пытанняў. Найважнейшае, што для рэалізацыі сістэмных зменаў у новых палітычных эліт будзе не так шмат часу, літаральна ад 6 да 12 месяцаў, пасля чаго пачнецца сістэмны крызіс, узмоцняцца супярэчнасці і магчымы аўтарытарны рэванш.
Дэмакратычная супольнасць ужо павінна мець разгорнуты аналіз магчымых сцэнароў падзей у Беларусі [9] і быць псіхалагічна і палітычна, а галоўнае, практычна падрыхтаванай да нечаканага развіцця сітуацыі ў краіне. Таксама ў наяўнасці павінна быць кадравая база, “банк адміністрацыйна-кіроўнага апарату”. Кадравы рэзерв дае магчымасць гарантаваць стабільнасць кіравання ў цэнтральным апараце і на месцах да моманту выбараў. Адначасова неабходна забяспечыць кантроль над сілавымі структурамі, войскам і спецслужбамі, для захавання ўнутранага кантролю і правапарадку, а таксама дзеля бяспекі дзяржавы перад вонкавымі выклікамі.
Фактычна ўжо цяпер апазіцыя магла б сканцэнтраваць сілы на фармаванні сеткавай дзяржавы (альтэрнатыўных прота-дзяржаўных структур), якія б сталі фундаментам для будучай Беларусі [10].
1. Трансфармацыя палітычнай сістэмы будзе адбывацца ў некалькі этапаў. На першым этапе, некалькі месяцаў з моманту змены ўлады неабходна выправіць функцыянаванне ключавых палітычных інстытутаў праз вяртанне дэмакратычнай канстытуцыі (мадэрнізаванай канстытуцыі 1994 года, якая прадугледжвала наяўнасць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі), правядзенне выбараў ва ўсе ўстановы: парламент, прэзідэнт, мясцовыя саветы. Пры гэтым, улічваючы цяжкасць пераходнага перыяду, рызыка рэваншу альбо сабатажу з боку былой лукашэнкаўскай наменклатуры, сілавікоў, набліжаных да Лукашэнкі бізнес-груп, частка з іх павінна быць пазбаўлена пасіўнага выбарчага права. Гэта часовае, але неабходная мера ў абмежаванні палітычных правоў, на пераходны перыяд да 5 год, каб пазбегнуць перманентных канфліктаў унутры цэнтральных і мясцовых органаў улады, карупцыі і г.д. Прыклад Украіны, Грузіі, Малдовы паказвае, як хутка дэмакратычныя інстытуты пераўтвараюцца ў палітычную зброю супраць дэмакратыі і афармляюць алігархічныя лады.
2. За гады функцыянавання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі сфарміравалася больш-менш кансалідаваная бізнес-наменклатурная групіроўка, якая ўжо цяпер рэалізуе свае ўплывы ў моцнай прывязцы да існуючага палітычнага ладу. Аляксей Алексін (“Энерга-Оіл” і ТДА “Белнафтагаз”), Аляксандр Шакуцін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Зайцаў (“Браміна Груп”), Міхаіл Машэнскі (СП “Санта-Брэмар”) і многія іншыя. Гэта група мае велізарны палітычны і эканамічны рэсурс, які ў перыяд трансфармацыі будзе выкарыстоўвацца для ўтрымання ўласных уплываў і палітычнага кантролю. Дзеля гэтага постлукашэнкаўскі бізнес будзе ствараць або падтрымліваць партыі і арганізацыі, медыя-холдынгі, уключацца ў палітычнае ўпраўленне, што можа прывесці да “прыватызацыі” палітыкі і ўтварэння алігархічнай сістэмы. Без прэвентыўных мер у справе абмежавання палітычных уплываў гэтай групоўкі, Беларусь можа трапіць у сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс, карупцыю і падрыў новых палітычных інстытутаў. Пагатоў гэты алігархічны бізнес будзе шукаць падтрымку ў Маскве. Менавіта таму і павінны быць уведзены абмежаванні для такіх людзей у палітычнай дзейнасці і фінансаванні палітычных арганізацый на пераходны перыяд.
3. Нельга таксама недаацэньваць і ролю былых супрацоўнікаў спецслужбаў Беларусі. У Расіі ігнараванне актыўнасці гэтай групы прывяло да рэваншу ў 2000 годзе і аднаўлення аўтарытарнай сістэмы на чале з Пуціным. Адпаведна адным з механізмаў забеспячэння працэсу трансфармацыі павінна быць люстрацыя. Яна неабходная, перш за ўсе, для аздараўлення грамадства і адбудавання пачуцця справядлівасці. Але, перад усім, вельмі важна, каб людзі, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях і фальсіфікацыях не маглі займаць пасадаў у дзяржаўных інстытутах: судах, пракуратуры, сілавых структурах, інстытутах кіравання і сістэме адукацыі. Канечне, гэта можа спарадзіць дэфіцыт кадраў, але без усебаковай люстрацыі будзе цяжка стварыць дзейсную прававую сістэму, эфектыўныя інстытуты цэнтральнай і мясцовай улады.
4. Неадкладна павінны быць ліквідаваны прадзяржаўныя масавыя арганізацыі, такія як БРСМ, БРПА, “Белая Русь”. Гэта датычыцца і інстытуту “дзяржаўнай ідэалогіі”. Неабходна суцэльна перагледзіць дзяржаўную палітыку ў сферы СМІ, скасаваць неабмежаваны дзяржаўны кантроль над інфармацыйнай прасторай, вярнуць інфармацыйны плюралізм і ўзмацніць нацыянальны дыскурс беларускіх СМІ.
5. Для кансалідацыі дэмакратычных інстытутаў неабходна, каб адбыліся змены ў палітычнай культуры і свядомасці грамадзян, змяніліся адносіны да палітыкі. А гэта магчыма пры актыўным удзеле ў грамадзян у палітычным жыцці на мясцовым і агульнанацыянальным узроўні. Гэта актыўнасць будзе выражацца ў старэнні грамадзянскіх аб’ядннанняў і ініцыятыў, ад камунальных суполак да бацькоўскіх камітэтаў у школах, адным з элементаў такой актыўнасці з’яўляецца студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах. Агульна ў Беларусі павінны быць уведзены акадэмічныя свабоды і забяспечана хуткая інтэграцыя нацыянальнай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую.
6. Мэтазгодным з’яўляецца таксама стварэнне Інстытуту нацыянальнай памяці, які забяспечыць працэс шырокай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі грамадства, забяспечыць захаванне і доступ да архіваў часоў СССР і кіравання Лукашэнкі. Адпаведна дзейнасць інстытуту будзе накіравана на аднаўленне гістарычнай праўды і даследаванне злачынстваў у дачыненні да беларускага народа.
7. Пазітыўны вынік палітычнай трансфармацыі немагчымы без апоры на нацыянальную свядомасць і дэмакратычныя каштоўнасці большасці беларускага грамадства. Гэта абумоўлівае папулярызацыю нацыянальнай мовы і культуры, паступовае, але сістэмнае ўвядзенне беларускай мовы на дзяржаўны элітарны ўзровень, узмацненне нацыянальнай адукацыі і арыентацыя на пабудаванне нацыянальнай дзяржавы.
Пры актуальным геапалітычным раскладзе, які грунтуецца на агрэсіўнай (імперыяльнай) палітыцы Расіі, будзе немагчыма пазбегнуць канфрантацыі з Масквой, у працэсе палітычных зменаў у Беларусі. Усходняя суседка так ці інакш будзе дэстабілізацыйна ўплываць на падзеі ў краіне. Гэта трэба разумець як апазіцыі з грамадствам, там і міжнароднай супольнасці. З аднаго боку, новыя палітычныя эліты могуць будаваць свае адносіны з Расіяй на аснове нейтральнасці і роўных дачыненняў як з Захадам, так і з Усходам, але з іншага боку – мець моцныя гарантыі міжнародных арганізацый і структур абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Разам з гэтым, таксама трэба разумець, што тыя краіны, які развіваюцца па-за сістэмай палітычных і эканамічных уплываў і каардынат Еўрапейскага Саюза, маюць сур’езныя праблемы ў працэсе трансфармацыі і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў. Еўрапейскі Саюз стварае моцную прававую і інстытуцыянальную абалонку для пераходу да дэмакратыі, супрацьдзейнічае аўтарытарным і карупцыйным з’явам і змушае кіроўныя эліты да выканання прававых нормаў. Калі казаць пра Беларусь, то, улічваючы доўгі досвед быцця ў аўтарытарнай рэчаіснасці, слабасць дэмакратычнай і прававой культуры, без арыентацыі на Еўрапейскі Саюз з перспектывай інтэграцыі, без апоры на эканамічную і палітычную дапамогу, паспяхова пераадолець пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі будзе вельмі цяжка.
Зноскі:
1) Thomas Carothers “The end of the transition paradigm”, https://www.journalofdemocracy.org/wp-content/uploads/2012/02/Carothers-13-1.pdf.
2) “Суверенная демократия”: идеология государства или “партии власти”? https://ria.ru/20060719/51553356.html.
3) Chatham House, “Результаты социологического опроса, проведенного с 20 по 30 апреля 2021 года. Взгляды белорусов на политический кризис”, https://www.chathamhouse.org/sites/default/files/2021-06/2021-06-14-belarusians-views-political-crisis-russian.pdf.
4) Współpraca i integracja militarno – strategiczna pomiędzy Białorusią i Rosją, https://studium.uw.edu.pl/wp-content/uploads/2021/06/BwR_raport2.pdf.
5) Декрет Президента Республики Беларусь 9 мая 2021 г. № 2, О защите суверенитета и конституционного строя, https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=Pd2100002&p1=1.
6) Путин заявил о создании резерва силовиков для Белоруссии: https://www.rbc.ru/politics/27/08/2020/5f478b809a7947e8079f1cb7.
7) Лукашенко не предадут? Готовы ли чиновники выступить против него, https://www.dw.com/ru/lukashenko-ne-predadut-gotovy-li-chinovniki-vystupit-protiv-nego/a-57303516.
8) “Народнае Антыкрызіснае Кіраванне”, https://belarus-nau.org/, “Штаб Святланы Ціханоўскай”, https://tsikhanouskaya.org/ru/; “Праграма «Вольная Беларусь»”, http://www.bielarus.net/pdf/Program_Bolnaja_Bielarus_internet.pdf.
9) В штабе Тихановской рассказали о шести сценариях развития ситуации в Беларуси, https://www.currenttime.tv/a/belarus-stsenarii-sobytii-tihanovskaya/30983404.html.
10) Павел Усов, “Сетевое государство”, http://ceapp.info/2020/10/setevoe-gosudarstvo/.
***
Выдаецца ў рамках праектнай лініі «RAZAM-RAZEM-ZUZAM» на сродкі Міністэрства Замежных Cпраў ФРГ выдзеленыя Фондам Польска-Нямецкага Cупрацоўніцтва.
