0000398695
close
W walce o demokrację nie robimy sobie przerw! Przekaż 1,5% na Fundację Kultura Liberalna WSPIERAM
close
Kultura Liberalna solidarnie z Ukrainą

PRZEKAŻ
1,5%
PODATKU
close

W walce o demokrację

nie robimy sobie przerw!

Przekaż 1,5% na Fundację
Kultura Liberalna

Przekaż 1,5%
na Fundację Kultura Liberalna
forward
close

KULTURA LIBERALNA > Bez kategorii > Аўтарытарны рэжым у...

Аўтарытарны рэжым у Беларусі – эвалюцыя палітычнага гвалту [АНАЛІЗ]

Павел Усаў

Hедэмакратычнае праўленне Лукашэнкі перажыло некалькі буйных трансфармацый. З гібрыднага яно перарадзілася ў неататалітарнае. Спецыфіка функцыянавання неататалітарнай сістэмы базіруецца на поўнамаштабным палітычным тэроры, мэта якога – знішчэнне ідэалагічнай, культурнай, інфармацыйнай і арганізацыйнай аўтаноміі грамадства дзеля ўтрымання ўлады, у выніку страты сацыяльнай падтрымкі дзейснага кіраўніцтва.

У 2020 годзе аўтарытарны рэжым у Беларусі сутыкнуўся з адным з самых глыбокіх і сур’ёзных палітычных крызісаў за ўсю гісторыю свайго існавання. Гэты крызіс быў справакаваны маштабнымі фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў, што прывяло не толькі да абвалу легітымнасці кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, але пахіснула ўсю дзяржаўную і грамадскую сістэмы рэспублікі. Наступствы крызісу будуць непазбежна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі і вакол яе ўсе далейшыя гады.

Нягледзячы на тое, што падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе сталі для аўтарытарнай сістэмы даволі разбуральнымі, і здавалася, што рэжым Лукашэнкі неўзабаве падзе, тым не менш, ён здолеў вытрываць, рэкансалідавацца і на дадзеным этапе нейтралізаваць найбольш выразныя ўнутраныя пагрозы. Больш за тое, радыкальным чынам змянілася яго палітычная структура і спецыфіка функцыянавання.

Культурна-палітычныя асновы аўтарытарнай улады ў Беларусі

Прычына такой жыццяздольнасці аўтарытарнага рэжыму ляжыць у яго прыродзе і культурна-палітычных умовах паўстання дыктатуры ў Беларусі, якая трывае вось ужо 27 гадоў.

За гэты перыяд недэмакратычнае праўленне Лукашэнкі перажыло некалькі буйных трансфармацый. З гібрыднага [1] яно перарадзілася ў неататалітарнае [2]. Спецыфіка функцыянавання неататалітарнай сістэмы базіруецца на поўнамаштабным палітычным тэроры, мэта якога – знішчэнне ідэалагічнай, культурнай, інфармацыйнай і арганізацыйнай аўтаноміі грамадства дзеля ўтрымання ўлады, у выніку страты сацыяльнай падтрымкі дзейснага кіраўніцтва. Адразу трэба зазначыць, што фальсіфікацыі і рэпрэсіі заўсёды былі ключавымі інструментамі палітычнага кіравання Лукашэнкі, як і любога іншага аўтарытарнага рэжыму. Факты фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх кампаній у 2006 і 2010 гадах прыводзілі да пратэстаў, з якімі ўлады распраўляліся даволі жорстка. Адзіная розніца заключалася толькі ў тым, што ў папярэднія выбарчыя перыяды беларуская аўтарытарная сістэма не сутыкалася з дэфіцытам легітымнасці і шырокім непрыняццем асобы кіраўніка. З аднаго боку, гэтыя фактары спарадзілі глыбокі палітычны крызіс, а з іншага, прымусілі кіроўны клас да выкарыстання несувымерна маштабных рэпрэсій і палітыкі адкрытага тэрору па ўсей краіне. Мэтай апошняга з’яўляецца абсалютная ліквідацыя “апазіцыйнасці” як элементу палітычнага жыцця ў краіне і змушэнне насельніцтва да безумоўнага падпарадкавання.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў той момант, калі беларуская грамадства толькі-толькі ўваходзіла ў перыяд дэмакратычнай трансфармацыі дзяржавы. Ад абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе да першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе мінула амаль 3 гады. Перад гэтым на працягу некалькіх стагоддзяў тэрыторыя сённяшняй Беларусі і яе насельніцтва знаходзіліся ў аўтарытарна-таталітарных сістэмах, без уласнай паўнавартаснай дзяржаўнасці і палітычнай традыцыі, без індывідуальнай эканамічнай і палітычнай свабоды.

Інакш кажучы, беларусы не мелі паспяховага гістарычнага досведу ўласнай грамадскай незалежнасці і дзяржаўнасці. Насельніцтва Беларусі, збольшага, заставалася аб’ектам (прадметам) палітыкі, а не палітычным суб’ектам.

Прадметнасць грамадства стварала перадумовы для лёгкай маніпуляцыі, не толькі з грамадскім меркаваннем, але і з дзяржаўнымі інстытутамі і законамі краіны, бо апошнія не маглі мець ніякай каштоўнасці для тых, хто быў выключна пасіўным прадметам палітыкі. Такая сітуацыя, адпаведна, прывяла да хуткіх і негатыўных перамен унутры краіны ў бок аўтарытарызму ў сярэдзіне дзевяностых гадоў.

Гібрыднасць палітычных працэсаў у Беларусі заключалася ў тым, што працэс пабудовы дэмакратычных інстытутаў адбываўся пры наяўнасці моцна патрыярхальнага, прасавецкага, аўтарытарнага ўкладу палітычнай свядомасці і палітычнай культуры значнай часткі беларускага грамадства. А ў такіх умовах трываласць і эфектыўнасць саміх палітычных дэмакратычных інстытутаў, як і індывідуальных свабод (правоў) заўсёды будзе пад пытаннем. Таксама трэба ўлічваць, што інстытуцыянальная і сацыяльная трансфармацыя праходзіла ў перыяд цяжкіх эканамічных трансфармацый. Гэта не магло не адбіцца на чаканнях і светапоглядзе простых грамадзян, для якіх дэмакратыя і свабода, на вялікі жаль, сталі сінонімамі сацыяльнага хаосу і безуладдзя. Нават сёння Лукашэнка спрабуе маніпуліраваць сацыяльнай памяццю і пужаць беларусаў “дзевяностымі”, малюючы апакаліптычныя сцэны. “Віктар Шэйман (Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі. – Заўвага БЕЛТА) памятае яшчэ і тыя часы, калі хлеба не было і наогул карміць народ не было чым. Я часта прыводжу прыклад, што ў 1994 годзе на тры дні ў Мінску заставалася мукі, каб хлеб спячы. Гэта сапраўды быў страшны час” [3]. Гэтымі ды іншымі словамі дыктатар і прапагандысцкая машына намагаюцца апраўдаць існаванне моцнай аўтарытарнай улады як адзіную ўмову, якая гарантуе стабільнасць і цэласнасць дзяржавы, бо самі беларусы не могуць карыстацца свабодай.

Але вернемся да пачаткаў фарміравання дыктатуры, выбараў 1994 года. Фактычна ўся перадвыбарчая праграма Лукашэнкі будавалася на непрыхаваным папулізме, абяцаннях вярнуць беларусаў у сацыялістычны рай, светлае мінулае.

Папулізм, жорсткая крытыка старой камуністычнай наменклатуры, прасавецкасць і прарасійскасць з відавочнымі антынацыянальнымі поглядамі, сталі ключавымі перадумовамі прыходу Лукашэнкі да ўлады. У некаторай ступені, ён быў прадуктам патрыярхальнага ўкладу свядомасці беларускага грамадства, якое чакала моцнай рукі, моцнай дзяржавы і марыла пра парадак. “Грамадства патрабавала навядзення парадку ў тым сэнсе, у якім ён існаваў у Савецкім Саюзе”. Парадак, справядлівасць – былі тымі міфалагемамі, якія ўцягвалі беларусаў у працэс адмаўлення ад свабоды і дэмакратыі, будавання аўтарытарнай дзяржавы, якая павінна была гарантаваць парадак. Беларуская грамадства само стала трамплінам для палітычнай дыктатуры.

Кансалідацыя новага аўтарытарызму ў Беларусі: практыкі і метады барацьбы за ўладу

Пасля сваёй, даволі паказальнай, перамогі (у другім туры ён набраў 80%), Лукашэнка пачаў разбудоўваць папулісцкую базу для дэмантажу дэмакратычных механізмаў у Беларусі. Гэтаму спрыялі не толькі настроі ў грамадстве, але таксама наяўнасць шырокага прадстаўніцтва посткамуністычнай наменклатуры ва ўсіх органах улады, якая даволі хутка пераарыентавалася на абслугоўванне інтарэсаў Прэзідэнта. На першым этапе галоўным інструментам захопу ўлады ў Беларусі былі рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў, якія змянілі канстытуцыйны лад краіны і надзялялі Прэзідэнта Лукашэнку неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Для Лукашэнкі і ягонага атачэння рэферэндум 1995 года, быў свайго кшталту палітычнай ацэнкай сітуацыі. Праверкай таго, наколькі грамадства, інтэлектуальныя эліты, іншыя палітычныя інстытуты (парламент, Канстытуцыйны суд) будуць здольныя заўважыць небяспеку і абараніцца ад спробаў захапіць уладу. Лукашэнка прапанаваў грамадству чатыры пытанні: наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, змена дзяржаўнай сімволікі (вяртанне эклектычнай сімволікі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі), эканамічная інтэграцыя з Расійскай Федэрацыяй і наданне Прэзідэнту магчымасцяў распусціць парламент.

Савецкі дух, адсутнасць моцнай нацыянальнай эліты, палітычная няспеласць беларускага грамадства адкрылі Лукашэнку дзверы да абсалютнай улады. Большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (парламента) падтрымала ініцыятыву Прэзідэнта, у сваю чаргу, большасць беларускіх грамадзян падтрымала ўсе прапановы Прэзідэнта. Пачалося імклівае скачванне краіны ў аўтарытарызм.

Варта таксама звярнуць увагу на іншы аспект працэсу фарміравання дыктатуры ў Беларусі, гэта воля да ўлады з боку самога Лукашэнкі. Менавіта гэты аспект граў лёсавызначальную ролю ў самыя крытычныя моманты сучаснай беларускай гісторыі. Амаль з першага моманту прэзідэнцтва ўлада стала для Лукашэнкі найвышэйшай каштоўнасцю, дзеля захавання якой ён не спыняўся ні перад чым [4]. Гвалт і вынішчэнне палітычных апанентаў сталі неад’емнай часткай паводзінаў дыктатара. Яшчэ ў 1995 годзе, калі група дэпутатаў Беларускага народнага фронту на чале з Зянонам Пазняком і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады на чале з Алегам Трусавым выступілі супраць правядзення рэферэндуму, аб’явілі галадоўку і засталіся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года ў будынку Вярхоўнага Савета. Па непасрэдным загадзе Лукашэнкі Служба бяспекі і АМАП, парушаючы ўсе законы і імунітэт дэпутатаў, збілі і выкінулі іх з залі пасяджэнняў [5].

Абсалютная пасіўнасць Вярхоўнага Савета, іншых канстытуцыйных органаў (пракуратуры), а таксама грамадства ў дадзеным інцыдэнце з дэпутатамі прыдалі Лукашэнку псіхалагічнай моцы і ўпэўненасці ў сваіх дзеяннях. Таксама, як выявілася, у ягоным атачэнні былі людзі, гатовыя выканаць любы злачынны загад.

Фактычна ў гэты час пачалося фарміраванне фармальна мілітарных груп, якія выкарыстоўваліся Лукашэнкам дзеля вырашэння ўласных палітычных мэт. Варта звярнуць увагу на тое, што дзейнасць гэтых груп (АМАП, Служба бяспекі) распачалася праз год пасля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Таму не павінна выклікаць здзіўлення адкрытая тэрарыстычная дзейнасць гэтых структур у 2020-2021 гады. Сістэма рэпрэсій функцыянавала ў Беларусі гадамі.

Рэферэндум 1996 года стаў другім пераломным момантам у працэсе пабудовы аўтарытарнага ладу ў Беларусі. Рашэнне Лукашэнкі аб правядзенні другога плебісцыту было выклікана глыбокай канфрантацыяй паміж ім і новаабраным Вярхоўным Саветам ХІІІ склікання, дэпутаты якога даволі крытычна ставіліся да ініцыятыў тагачаснага Прэзідэнта. Менавіта таму на рэферэндум былі вынесены пытанні звязаныя са зменамі ў Канстытуцыі, але насамрэч гэта быў праект новай Канстытуцыі, які надаваў Прэзідэнту неабмежаваныя паўнамоцтвы. Крокі Лукашэнкі прывялі да сур’ёзнага палітычнага крызісу ў краіне, а дэпутаты Вярхоўнага Савета, у сваю чаргу, 19 лістапада 1996 года накіравалі ў Канстытуцыйны суд зварот пра пачатак працэдуры адхілення Аляксандра Лукашэнкі ад пасады Прэзідэнта ў сувязі з сістэматычным парушэннем нормаў Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь [6]. Цягам 1995 і 1996 гадоў Канстытуцыйны суд прызнаў 16 указаў Прэзідэнта нязгоднымі з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь [7].

Абвастрэнне ўзнікла на той падставе, што Прэзідэнт настойваў на абавязковым характары рашэнняў рэферэндуму, гэта значыць, што новая Канстытуцыя, а значыць і новы палітычны лад, набываюць сілу адразу пасля правядзення народнага галасавання. З гэтым не мог пагадзіцца Вярхоўны Савет ды іншыя палітычныя суб’екты.

У гэты гістарычны, пераломны для краіны і грамадства момант ключавую ролю сыгралі наступныя фактары, якія дазволілі Лукашэнку рэалізаваць свае намеры:

а) моцная палітычная воля і рашучасць самога Лукашэнкі;

б) слабасць, недахоп палітычнай волі, лідарства і адказнасці, а таксама арганізаванасці з боку ягоных апанентаў, якія не здолелі выступіць адзіным фронтам, пры тым, што ў Мінску пачаліся акцыі пратэстаў і частка грамадства была гатова бараніць Канстытуцыю. Замест таго, каб змагацца за адмену рэферэндуму на самым яго пачатку, дэпутаты Вярхоўнага Савета прапанавалі свае альтэрнатыўныя пытанні, такім чынам узмацніўшы легітымнасць лукашэнкаўскага палітычнага праекту;

в) спадзяванні на Маскву ў пытаннях вырашэння палітычнага крызісу.

У некаторай ступені гэтыя працэсы, псіхалагічныя асаблівасці палітычных суб’ектаў, мелі месца ў перыяд палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе.

У 1996 годзе посткамуністычнай наменклатуры, якая знаходзілася ў Вярхоўным Савеце ды іншых праўладных структурах не хапіла мужнасці і волі, каб спыніць Лукашэнку. Як адзначаў тагачасны палітычны дзеяч, дэпутат Мечыслаў Грыб: “«Мы былі на мяжы грамадзянскай вайны, мы так блізка не набліжаліся да гэтага ніколі. Ён [Лукашэнка] безумоўна не здаў бы ўладу. Было б збройнае супрацьстаянне» [8]. Гэтыя словы хутчэй можна тлумачыць як спробу самаапраўдання за бязволле і ўласную слабасць. Лукашэнка не меў у той час ніякіх рэсурсаў для таго, каб сілай утрымацца пры ўладзе”. Дзеянні Вярхоўнага Савета былі збольшага механічнай рэакцыяй на палітыку Лукашэнкі, абарончымі інстынктамі. Палітыкі, якія ніколі не стаялі перад такімі жорсткімі выклікамі, спадзяваліся на тое, што сітуацыя вырашыцца сама сабой. Іншым палітычным самападманам быў спадзеў на Маскву.

Дзеля вырашэння палітычнага крызісу ў лістападзе 1996 года ў Менск прыбыла высокая дэлегацыя расійскіх палітыкаў на чале з тагачасным Прэм’ер-міністрам РФ Віктарам Чарнамырдзіным. Пры яе пасярэдніцтве 22 лістапада 1996 года паміж спікерам Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім і Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам было падпісана пагадненне “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь”. Згодна з гэтым пагадненнем, дэпутаты абавязваліся спыніць працэдуру імпічменту, а Лукашэнка пагаджаўся з выключна кансультацыйным характарам рэферэндуму.

Тым не менш Лукашэнка выкарыстаў перамовы і пагадненне выключна для змяншэння градусу грамадскай напружанасці, дэзарыентацыі сваіх супернікаў і мабілізацыі сваіх рэсурсаў. Ён не толькі змог правесці рэферэндум з патрэбнымі для сябе вынікамі (за прэзідэнцкі праект Канстытуцыі прагаласавала 70% грамадзян) пры дапамозе наўпроставых фальсіфікацый і маніпуляцый, але імкліва ўвесці новую канстытуцыю ў жыццё.

Акрамя таго, што ў краіне ўсталявалася новая сістэма ўлады і кіравання, з новай Канстытуцыяй абнуляўся таксама прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі і наступныя выбары павінны былі адбыцца не ў 1999, а ў 2001 годзе.

Увядзенне ў жыццё “новай Канстытуцыі” не сустрэла моцнага супраціву з боку грамадства, большасць якога прыхільна ставілася да ідэі “моцнай рукі” або знаходзілася далёка ад палітыкі, было пасіўным і клапацілася пра эканамічнае выжыванне.

Рэферэндум 1996 годзе ў лічыцца антыканстытуцыйным пераваротам, які здзейсніў Лукашэнка. Фармальна, пасля 1996 года ягоная дзейнасць і дзейнасць палітычных органаў лічыцца незаконнай.

З рэалізацыяй вынікаў рэферэндуму завяршыўся першы этап фарміравання аўтарытарнай сістэмы ў Беларусі, а менавіта кансалідацыя ўлады ў руках Лукашэнкі. Другі этап уключаў у сябе працэс інстытуцыялізацыі аўтарытарнай сістэмы, які меў на ўвазе стварэнне і ўмацаванне інстытутаў легітымацыі і стабілізацыі аўтарытарнага рэжыму, з аднаго боку, і, з іншага, разбурэнне тых палітычных і грамадскіх інстытутаў, якія б маглі дэстабілізаваць уладу Лукашэнкі. Гэты працэс уключаў у сябе і фізічную ліквідацыю палітычных апанентаў рэжыму.

Інстытуцыялізацыя аўтарытарнай дзяржавы і грамадства

Працэс інстытуцыялізацыі аўтарытарнай сістэмы адбываўся з 1996 па 2004 год. У краіне ўводзілася прамое прэзідэнцкае кіраванне. Яго дэкрэты і ўказы мелі статус закона і не патрабавалі падтрымкі з боку Нацыянальнага сходу, які стаў цалкам фармальным органам і не ўплываў на палітычныя працэсы ў краіне. Лукашэнка атрымаў магчымасць прызначаць кіраўнікоў гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, цалкам абмежаваўшы аўтаномію мясцовых органаў улады. Утварылася моцная цэнтралізаваная прэзідэнцкая вертыкаль, што стала галоўным рэсурсам не толькі ў арганізацыі электаральных кампаній з дасягненнем патрэбных вынікаў, але таксама і ў барацьбе з апазіцыйным рухам у Беларусі. Інстытуцыялізацыя аўтарытарнай сістэмы забяспечвала ўнутраную лаяльнасць і мабілізацыю наменклатуры, а таксама была галоўнай умовай трываласці рэжыму ў часы крызісу. Менавіта гэты фактар, разам з сілавым кампанентам сыграў важную ролю ва ўтрыманні ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе.

Аўтарытарная інстытуцыялізацыя ўключае ў сябе абсалютнае падпарадкаванне судовай сістэмы і пераўтварэнне яе ў механізм палітычных рэпрэсій, а таксама стварэнне квазі-грамадскіх структур і арганізацый, якія павінны падтрымліваць легітымнасць улады і забяспечваць ідэалагічнае ўздзеянне на асобныя сацыяльныя групы.

Калі казаць пра квазі-грамадскія арганізацыі, то варта звярнуць увагу на функцыянавання наступных з іх:

– Беларуская піянерская арганізацыя. Функцыянуе ў структурах сярэдняй школы, сяброўства (каля 400 тысяч сяброў да 2020 года) у арганізацыі фактычна абавязковае, займаецца ідэалагічным і патрыятычным выхаваннем школьнікаў.

– Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Адпаведнік Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюзу моладзі. Да 2020 года налічваў каля 500 тысяч сяброў, сяброўства ў арганізацыі фактычна абавязковае. Арганізацыя займалася ідэалагічнай апрацоўкай сяброў, удзельнічала ў суправаджэнні выбарчых працэсаў;

– квазі-партыйная арганізацыя “Белая Русь”, да 2020 года налічвала каля 100 тысяч сяброў;

– функцыянаванне дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ахоплівае амаль усіх працоўных дзяржаўнага сектару гаспадаркі. Неабходна адзначыць, што дзейнасць незалежных структур і арганізацый у дзяржаўных інстытутах Беларусі (універсітэты, прадпрыемствы і г.д.) забаронена.

Наступным крокам у стварэнні інстытутаў дзеля ўнутранай стабілізацыі сістэмы і пашырэння кантролю было развіццё і ўвядзенне гэтак званай “Ідэалогіі беларускай дзяржавы”, што пачалося з 2001 года. Гэта была рэакцыя ўладаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія хоць і не прывялі да палітычнага крызісу ў краіне, але былі даволі моцным выклікам для Лукашэнкі. Для яго стала зразумелым, што без глыбокай структурнай чысткі, шырокага палітычнага і ідэйнага падпарадкавання грамадства, аўтарытарная сістэма не будзе жыццяздольнай.

Самае хуткае і простае, што мог зрабіць Лукашэнка, – гэта вярнуцца да палітычных практык Савецкага Саюза. Дакладнае навуковае вызначэння таму, чым ёсць ідэалогія беларускай дзяржавы, даць вельмі цяжка. Афіцыйныя навукоўцы характарызуюць гэтую канцэпцыю наступным чынам: “Ідэалогія беларускай дзяржавы – гэта сукупнасць ідэй і ідэалаў, якія адлюстроўваюць нацыянальна-гістарычныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, акрэсліваюць асноўныя мэты сучаснага развіцця беларускага грамадства. Дзяржаўная ідэалогія прызваная садзейнічаць устойліваму сацыяльна-эканамічнаму і духоўнаму развіццю Рэспублікі Беларусь, умацавання грамадзянскай згоды” [9].

За комплексам тэорый і гістарычных экскурсаў дзяржаўная ідэалогія трансліруе толькі адну важную думку: палітычная сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, з’яўляецца асноўнай умовай стабільнага існавання насельніцтва. На працягу амаль 20 гадоў, беларусаў намагаліся пераканаць, што без Лукашэнкі краіна перастане існаваць.

Ідэалогія беларускай дзяржавы была ўведзена ў абавязковую праграму ва ўніверсітэтах ды іншых навучальных установах, а ідэалагічная вертыкаль стала дадатковым кампанентам палітычнага і адміністрацыйнага кантролю не толькі ў сферы адміністрацыі і кіравання, але ва ўсіх дзяржаўных структурах, уключна з дзяржаўным прадпрыемствамі. Канешне, у сучасным грамадстве даволі цяжка змусіць насельніцтва да бяздумнага ўспрыняцця нейкіх ідэалагічных пасылаў, аднак асноўнай мэтай “ідэалагічных практык” было фарміраванне абсалютнай паслухмянасці і бездакорнага выканання нават самых абсурдных загадаў.

Нягледзячы на крызіс 2020 года, нельга сказаць, што дзейнасць прадзяржаўных квазі-грамадзянскіх структур, функцыянаванне ідэалогіі і прапаганды не прынесла вынікаў. Сацыяльная атамізацыя, адсутнасць групавой і прафесійнай салідарнасці, грамадзянская пасіўнасць сталі адной з галоўных прычын таго, што пратэсты і забастоўкі 2020 года не сталі агульнанацыянальнымі, а сістэма вытрымала моцны палітычны ўдар. Бо без адданасці і лаяльнасці тых людзей, якія абслугоўвалі рэжым у цэнтры і рэгіёнах (а гэта тысячы людзей), рэалізацыя палітыкі тэрору і чыстак сёння была б немагчымая.

У сваю чаргу прапаганда, ідэалагічныя маніпуляцыі, адміністрацыйны кантроль стваралі пэўную палітычную абалонку для правядзення сістэмных рэпрэсій супраць апанентаў улады. У рэалізацыі палітычных рэпрэсій задзейнічаны велізарны сілавы апарат: Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Атрад міліцыі асобага прызначэння (АМАП), Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), спецыяльныя антытэрарыстычныя адзінкі (напрыклад, “Алмаз”), Унутраныя войскі, Служба бяспекі Прэзідэнта. Гэты так званы непасрэдны сілавы апарат наўпрост удзельнічае ў фізічнай расправе над апанентамі. Следчы камітэт, Пракуратура, суды – ствараюць “прававую абалонку” для ажыццяўлення рэпрэсій. У 2020 годзе да больш інтэнсіўнага забяспечвання палітыкі тэрору было падключана Міністэрства абароны і яго адмысловая структуры – Сілы спецыяльных аперацый. У той ці іншай ступені рэпрэсіўны апарат аўтарытарнага рэжыму можа складаць больш за 200 тысяч чалавек.

У самыя крытычныя моманты свайго палітычнага існавання Лукашэнка прыбягаў да брутальных метадаў палітычнага гвалту, пачынаючы з забойстваў і заканчваючы судовымі палітычнымі працэсамі.

У 1999 годзе па загадзе Лукашэнкі былі ліквідаваныя ключавыя апаненты, якія сваёй дзейнасцю неслі непасрэдную пагрозу ўладзе Лукашэнкі: Віктар Ганчар (былы паплечнік А. Лукашэнкі, кіраўнік ЦВК да 1996 года, адзін з ініцыятараў імпічменту), Анатоль Красоўскі (бізнесмен, паплечнік В. Ганчара), Юрый Захаранка (былы паплечнік А. Лукашэнкі, да 1996 года Міністр унутраных спраў РБ). Непасрэдна рэалізацыяй плана па выкраданні і забойствах палітыкаў займаліся байцы Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР) і антытэрарыстычнай групы “Алмаз”, на чале з кіраўніком СОБРа Дзмітрыем Паўлючэнкам [10].

У тым жа 1999 годзе пры даволі загадкавых абставінах (інсульт) памёр Генадзь Карпенка – акадэмік, дэпутат, адзін з ключавых палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Фактычна з канца 90-х – пачатку 2000-х адбываецца хуткая трансфармацыя судовай сістэмы, якая становіцца адным з элементаў рэалізацыі палітычных рэпрэсій у краіне. У Беларусі закон як механізм абароны грамадзяніна перад дзяржавай перастае існаваць, асабліва калі гутарка ідзе пра яго палітычны складнік, закон разам з усёй судовай сістэмай пераўтварыўся ў інтэгральную частку аўтарытарнага рэжыму.

Першыя гучныя палітычныя працэсы пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.

Наогул кожныя выбары прыводзілі да новай хвалі рэпрэсій і ўзмацнення аўтарытарнага кіравання. Законы і судовая сістэма станавілася больш рэпрэсіўнымі. Асабліва востра рэпрэсіі закраналі тых, хто сыходзіў ад Лукашэнкі і пачынаў дзейнічаць супраць яго. З аднаго боку, Лукашэнка ўспрымаў такія крокі як непасрэдную здраду людзей, якія нібыта былі абавязаны яму кар’ерай, з іншага боку, паказальная расправа над непакорнымі прадстаўнікамі вышэйшай наменклатуры павінна была змусіць рэшту функцыянераў апарату да поўнай лаяльнасці і падпарадкавання.

У 1999 годзе быў арыштаваны, а ў 2001 годзе асуджаны былы Прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір. Пасля канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе ён сышоў з пасады і далучыўся да апазіцыі. 16 траўня 1999 года Чыгір удзельнічаў як адзін з кандыдатаў у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах (яны павінны былі адбыцца ў той год, згодна з Канстытуцыяй 1994 года), якія арганізаваў Віктар Ганчар. У тым жа годзе адбыўся палітычна матываваны суд над былым міністрам сельскай гаспадаркі Сяргеем Лявонавым, якога абвінавацілі ў карупцыі і асудзілі на 4 гады зняволення. Гэта таксама была паказальная расправа над палітычным апанентам з ліку наменклатуры дзеля таго, каб змусіць кіроўны апарат да лаяльнасці Лукашэнку. Падобныя дзеянні сталі натуральнай практыкай у рэалізацыі ўнутранай палітыкі Лукашэнкі. Як толькі асоба з атачэння Лукашэнкі (палітык ці бізнесмен) пачынае дзейнічаць насуперак інтарэсаў ці чаканняў кіраўніка краіны, яе чакае хуткае расправа. Адным з самых яскравых прыкладаў з’яўляецца лёс Юрыя Чыжа, які доўгія гады быў блізкім да Лукашэнкі буйным бізнесменам. У 2016 годзе ён быў арыштаваны КДБ, а ягоны бізнес цалкам знішчаны. Адна з версій прычын рэпрэсій у дачыненні да яго – спроба вывесці капіталы з Беларусі. У чарговы раз Чыжа затрымалі ў кастрычніку 2021 года [11].

Сярод іншых палітычных дзеячаў, якія трапілі пад судовы пераслед рэжыму Лукашэнкі ў канцы 90-х – пачатку 2000-х можна назваць Андрэя Клімава, Міхаіла Марыніча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца. У наступныя гады колькасць палітычных зняволеных інтэнсіўна павялічвалася. Канфрантацыя сістэмы з грамадствам падчас выбараў ці іншых палітычных крызісаў заўсёды прыводзіла не толькі да ўзмацнення рэпрэсій, але і да звужэння прасторы і пагаршэння ўмоў функцыянавання грамадскай супольнасці. У сваю чаргу Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы рэспублікі ўсе больш і больш палітызаваліся.

Пераломным у гэтым сэнсе стаў 2006 год, калі адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія прывялі да масавых пратэстаў і супрацьстаяння ў Мінску. У перыяд самой прэзідэнцкай кампаніі і сакавіцкіх падзей было затрымана і асуджана каля 1000 чалавек, многія з іх былі адмыслова збіты міліцыяй. Больш за 300 студэнтаў было выключана з розных ВНУ Беларусі [12].

У выніку быў затрыманы і асуджаны на 5 гадоў турмы Аляксандр Казулін, былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат на пасаду Прэзідэнта.

У тым самым годзе былі ўнесены змены ў Крымінальны кодэкс з мэтай цалкам паралізаваць дзейнасць небяспечных для сістэмы грамадскіх і палітычных арганізацый.

Так у КК быў уведзены артыкул 193.1 “Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадзянскага аб’ядання, рэлігійнай арганізацыі або фонда”. Удзел у іх дзейнасці прадугледжваў зняволенне ад 6 месяцаў да 3 гадоў.

Артыкул 293 Крымінальнага кодэксу, “Падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках і фінансаванне падобных дзеянняў”. Пазбаўленне свабоды ад 6 месяцаў да 3 гадоў.

Артыкул 361 “Заклік да захопу дзяржаўнай улады”, пакаранне ад 6 месяцаў да 3 гадоў зняволення [13].

Артыкул 369.1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, перадача замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусі ці органы ўлады”. Пакаранне ад 6 месяцаў да 2 гадоў зняволення [14].

Усе гэтыя меры павінны былі садзейнічаць узмацненню псіхалагічнага і палітычнага ціску ў краіне, але ў значнай ступені былі накіраваны супраць беларускай апазіцыі.

Цягам 2006 года па артыкуле 193.1 (“Дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі”) былі асуджаны некалькі чалавек. На паўтара года зняволення быў асуджаны кіраўнік апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Зміцер Дашкевіч.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года сітуацыя паўтарылася. Намаганні беларускага грамадства дэмакратычным шляхам змяніць палітычны лад сутыкнуліся з масавымі рэпрэсіямі [15].

У дзень галасавання і наступны перыяд было затрымана больш за 700 чалавек, былі затрыманыя і збітыя амаль усе апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты. Пад крымінальны пераслед трапілі 38 чалавек, у тым ліку 5 былых кандыдатаў [16]. Беларускае грамадства ўвайшло ў перыяд палітычнага тэрору, які з меншай ці большай інтэнсіўнасцю доўжыўся да 2014 года, калі падзеі ва Украіне змянілі стаўленне да рэжыму Лукашэнкі з боку Захаду і мадыфікавалі ўнутраную палітыку беларускіх уладаў.

Але ані “дыялог з Захадам”, ані адліга не змянілі ўнутранай структуры палітычнай сістэмы і характару рэалізацыі палітыкі Лукашэнкам. Сістэма заставалася жорсткай і рэпрэсіўнай, а дзейнасць Лукашэнкі не перастала быць брутальнай. Гэта праявілася падчас крызісу выкліканага дэкрэтам Лукашэнкі № 3 – “Дэкрэтам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

У сваю чаргу, пасля рэпрэсій і метадычнага знішчэння грамадскай актыўнасці, беларуская апазіцыя ўжо не ўяўляла ніякай сур’ёзнай пагрозы для ўлады. Сістэмны крызіс унутры палітычных структур і іх імклівая дэградацыя спрыялі таму, што ўлады эфектыўна выкарыстоўвалі іх у сваіх мэтах. Менавіта гэта адбылося ў 2015 годзе падчас прэзідэнцкіх выбраў, і ў 2020 годзе, калі апазіцыйныя партыі і арганізацыі зладзілі “Праймерыз”. Гэтая ініцыятыва прадэманстравала абсалютнае бяссілле беларускай апазіцыі, у пэўным сэнсе, яе палітычную смерць.

З іншага боку, ілюзія дэмакратызацыі, пашырэнне прасторы для грамадскай актыўнасці прывяла да ўпэўненасці часткі грамадства ў тым, што ёсць магчымасць для рэалізацыі палітычных перамен. Гэтыя чаканні ўзмацніліся з нечаканым з’яўленнем новых палітычных гульцоў: Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Валерыя Цапкалы.

Мілітарызацыя палітычнай сістэмы і ўвядзенне механізмаў (неа)таталітарнага кантролю

Энтузіязм і натхнёнасць беларусаў у 2020 годзе сутыкнулася з добра арганізаванай і функцыянальнай сістэмай, жорсткай палітычнай воляй дыктатара, які без ваганняў выкарыстаў усе магчымыя сродкі для барацьбы з пратэстамі і рэвалюцыяй.

Палітычны крызіс, абвал электаральнай падтрымкі, дэфіцыт легітымнасці змусілі Лукашэнку да арганізацыі маштабнага палітычнага тэрору і чыстак у кіроўным і сілавым апараце. Гэтая працэсы вельмі хутка змянілі характар і спецыфіку функцыянавання палітычнай сістэмы, якая за год перайшла ад неааўтарытарызма да неататалітарнай мадэлі.

Неататалітарная мадэль палітычнай сістэмы можа быць ахарактарызавана як сістэма, якая ў выніку абвалу электаральнай падтрымкі вымушана абапірацца на выключна сілавыя метады кіравання, шырокамаштабныя рэпрэсіі і палітыку тэрору з інтэнсіўным распаўсюджваннем палітычнага і ідэалагічнага кантролю за ўсімі сферамі грамадскага жыцця, а таксама амаль поўнай ліквідацыі інфармацыйнай і палітычнай аўтаноміі грамадства ўнутры краіны.

Спецыфікай неататалітарнай сістэмы, якая паволі афармляецца ў Беларусі, з’яўляецца адсутнасць мэтанакіраванага фізічнага вынішчэння ідэалагічных праціўнікаў і таксама адсутнасць палітычнай трансфармацыі адзінкі. У Беларусі на дадзены момант застаецца магчымасць для асабістай аўтаноміі індывіда ў ягонай дзейнасці. Трэба зазначыць, што індывідуалізацыя была нечым параўнальным з атамізацыяй грамадства, якая азначала, што асоба павінна займацца выключана сваім справамі, а не цікавіцца палітыкай. На працягу гадоў гэты падыход меў плён.

У сваю чаргу, фізічнае вынішчэнне “варожых” элементаў кампенсуецца прымусовай эміграцыяй беларусаў, якая з’яўляецца вынікам рэпрэсій у дачыненні да палітычна пасіянарнага класу беларусаў, якія ў той ці іншай форме ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Паводле розных дадзеных за год пасля выбараў з краіны з’ехала больш за 100 тысяч чалавек [17]. І гэта нягледзячы на ўвядзенне абмежаванняў па выездзе за мяжу. Такім чынам рэжым Лукашэнкі даволі паспяхова вырашае задачу па ліквідацыі найбольш актыўнай часткі насельніцтва, якое магло б спрыяць далейшай дэстабілізацыі сістэмы. У сваю чаргу эміграцыя з’яўляецца непасрэдным наступствам палітычнага тэрору ў краіне.

Толькі ў першую палову года пасля выбараў у Беларусі было затрымана каля 30 тысяч чалавек [18]. На кастрычнік 2021 года ў краіне налічваўся 881 палітычны зняволены [19]. Аблавы, арышты прыцягваюцца і па сённяшні дзень. Сваей кульмінацыі дзеянні карных органаў дасягнулі ў верасні бягучага года, калі падчас штурму, які праводзіў КДБ у кватэры аднаго з актывістаў, быў забіты гаспадар Андрэй Зельцер і адзін з нападнікаў [20].

Спецыфікай тэрору з’яўляецца яго інфармацыйная і ідэалагічная накіраванасць, што было натуральным для таталітарных сістэм. Пад рэпрэсіі трапляюць людзі, якія не толькі непасрэдна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, але ствараюць альтэрнатыўны інфармацыйны кантэнт, дзеляцца інфармацыяй (якая акрэсліваецца ўладамі як экстрэмісцкая), крытыкуюць рэжым або супрацоўнікаў сілавых структур у сацыяльных сетках. Так, напрыклад, толькі пасля забойства Андрэя Зельцэра было затрымана 136 чалавек, якія каментавалі гэтую падзею і асуджалі дзеянні КДБ. На 23 кастрычніка 2021 года 218 тэлеграм-каналаў і чатаў у Беларусі былі прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі [21].

Такім чынам улады імкнуцца знішчыць камунікатыўнаю сетку ўнутры грамадства і паралізаваць магчымасці аператыўнай перадачы інфармацыі ўнутры Беларусі. Паралельна з гэтым знішчаюцца ўсе больш-менш незалежныя электронныя СМІ і ўводзіцца блакіроўка на доступ да інфармацыйных старонак, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.

На працягу 2020 і 2021 гадоў у значнай ступені змянілася структура палітычнай сістэмы і характар яе функцыянавання.

Перш за ўсё, павысілася роля сілавікоў у працэсе прыняцця ключавых палітычных і адміністрацыйных рашэнняў. Былі ўведзены функцыі ўпаўнаважаных па Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцях, на якія былі прызначаныя былыя кіраўнікі сілавых ведамстваў. Фактычна было ўведзена аператыўнае калектыўнае кіраванне краінай праз наданне надканстытуцыйных функцый Савету Бяспекі, які пераўтварыўся ў ценявы ўрад [22]. Сілавікі таксама паступова ўключаюцца ў структуры кіравання акадэмічнымі ўстановы дзеля нейтралізацыі любых формаў незадаволенасці. Напрыклад, былы камандзір атрада спецыяльнага прызначэння КДБ “Альфа” генерал Алег Чарнышоў быў прызначаны намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Гэтыя працэсы сведчаць пра фарміраванне новага кіроўнага класа.

Варта адзначыць, што рэжым Лукашэнкі, як гэта ўласціва таталітарным сістэмам, распачаў маштабнае наступленне на публічную інтэлектуальную сферу. Цяжка сказаць, ці гэта спроба сфарміраваць прастору аднатыпнага мыслення і інтэлектуальнай нікчэмнасці грамадства. Хутчэй улады імкнуцца знішчыць усе крыніцы фарміравання альтэрнатыўнага светапогляду, разбіць інтэлектуальныя эліты, якія ў той ці іншай ступені ствараюць моцны духоўны фундамент для перамен. Дзеля гэтага вядомых беларускіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў, аналітыкаў, публіцыстаў змушаюць да выездаў за мяжу або кідаюць у вязніцы, як у выпадку з аналітыкам Валерыяй Касцюговай і філосафам Уладзімірам Мацкевічам.

Дэфіцыт грамадскай падтрымкі, крызіс легітымнасці змусіў Лукашэнку адмовіцца ад правядзення выбараў у мясцовыя саветы ў 2021 годзе і ў Парламент у 2022 годзе, што з’яўлялася элементам маніпулятыўнай легітымацыі сістэмы. Але ва ўмовах крызісу нават фармальныя псеўдадэмакратычныя інстытуты сталі небяспечнымі для сістэмы.

Цягам 2020-2021 гадоў адбыліся чысткі ва ўсіх дзяржаўных установах, ад універсітэтаў і школ да дзяржаўнага апарата. Звальняліся ўсе, хто хоць неяк выявіў нелаяльнасць да існуючага рэжыму. Адначасова ўводзіўся палітычны і ідэалагічны кантроль, узмацніліся патрабаванні ў дачыненні да тых, хто хацеў бы працаваць на дзяржаўнай пасадзе. Быў уведзены механізм спецыяльных характарыстык, у якіх павінна ўтрымлівацца інфармацыя пра палітычныя схільнасці той  ці іншай асобы [23].

Пашыраючы палітычны кантроль над грамадствам і ягонымі структурамі, улада імкнецца забяспечыць падпарадкаванне і лаяльнасць у далёкай перспектыве.

Канчаткова новая структура палітычнай сістэмы павінна быць аформлена праз змены ў Канстытуцыі, якія рыхтуюцца дыктатарам і ягоным атачэннем. Ключавым момантам будзе атрыманне Лукашэнкам магчымасці займаць пасаду кіраўніка краіны без удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2025 года, дзякуючы ўвядзенню ў структуру дзяржаўнай сістэмы такога інстытута, як Усебеларускі народны сход. Гэты інстытут можа атрымаць функцыю па прызначэнні Прэзідэнта або вышэйшага кіраўніка краіны. Магчыма, у межах “новай Канстытуцыі” будзе вызначаны механізм транзіту ўлады ў межах адной сям’і.

Новы палітычны лад, які аформіўся ў Беларусі цягам 2020-2021 гадоў, застанецца нязменным датуль, пакуль Лукашэнка будзе знаходзіцца пры ўладзе. Кіроўны клас вельмі добра разумее, што дабіцца згоды ў грамадстве і вырашыць палітычны крызіс у Беларусі немагчыма. Любое паслабленне тэрору можа прывесці да палітычнага выбуху. Гэта азначае, што палітыка тэрору будзе працягвацца, як і ўзмацненне таталітарных тэндэнцый, што вельмі негатыўна адаб’ецца на эканамічным, культурным і сацыяльным развіцці Беларусі.

 

Зноскі:

1) В. Ровдо, Специфика и эволюция политического режима Республики, https://eprints.lib.hokudai.ac.jp/dspace/bitstream/2115/39435/1/ASI21_007.pdf.

2) «Хочется дождаться перемен». Беларусь через год после выборов, https://belsat.eu/ru/news/11-08-2021-hochetsya-dozhdatsya-peremen-belarus-cherez-god-posle-vyborov/.

3) “Мы проста бераглі людзей” – Лукашэнка параўнаў уплыў пандэміі з сітуацыяй сярэдзіны 1990-х, https://blr.belta.by/president/view/my-prosta-beragli-ljudzej-lukashenka-paraunau-uplyu-pandemii-z-situatsyjaj-sjaredziny-1990-h-87978-2020/.

4) В. Карбалевич, “Белоруссия и Россия: общества и государства”, 1998 год https://www.yabloko.ru/Themes/Belarus/belarus-34.html.

5) Белорусских депутатов избили в зале парламента, https://gazeta.ua/ru/articles/history/_belorusskih-deputatov-izbili-v-zale-parlamenta/1025575.

6) Референдум–1996. Как Лукашенко обвел парламент вокруг пальца, https://naviny.online/article/20161123/1479880119-referendum-1996-kak-lukashenko-obvel-parlament-vokrug-palca.

7) Там жа.

8) Там жа.

9) Идеология белорусского государства, http://bgtk.by/?page_id=119.

10) “Ему стреляли в спину”: что участник убийства Захаренко рассказал его дочери.

11) В суде подтвердили задержание бизнесмена Юрия Чижа, https://reform.by/265980-jurija-chizha-otpravili-na-sudebno-psihiatricheskuju-jekspertizu.

12)  Репрессии во время кампании по выборам Президента Республики Беларусь (день выборов 19 марта 2006 года), http://spring96.org/ru/news/10189.

13) Там жа.

14) https://kodeksy-by.com/dictionary/d/diskreditatsiya_respubliki_belarus.htm.

15) Ограничение политических и гражданских прав граждан после президентских выборов 2010 года, https://www.fidh.org/IMG/pdf/rapport_Belarus_RUS_web.pdf.

16) Там жа.

17)  Сколько белорусов могли за год уехать из страны, https://thinktanks.by/publication/2021/08/25/skolko-belorusov-mogli-za-god-uehat-iz-strany.html.

18) Тридцать тысяч задержанных за время протестов в Беларуси, https://www.svoboda.org/a/30965038.html

19) Праваабарончы цэнтр “Вясна”, https://prisoners.spring96.org/ru#list.

20) В Минске похоронили IT-менеджера Андрея Зельцера. Власти обвиняют его в убийстве сотрудника КГБ, https://www.bbc.com/russian/news-58818181.

21) В Беларуси обновлен список экстремистских Telegram-каналов, https://euroradio.fm/ru/v-belarusi-obnovlen-spisok-ekstremistskih-telegram-kanalov.

22) Декрет от 9 мая 2021 года № 2 «О защите суверенитета и конституционного строя», https://president.gov.by/ru/events/podpisan-dekret-o-zashchite-suvereniteta-i-konstitucionnogo-stroya.

23) Совмин установил форму характеристики руководящих кадров и работников организаций, https://www.belta.by/society/view/sovmin-ustanovil-formu-harakteristiki-rukovodjaschih-kadrov-i-rabotnikov-organizatsij-465512-2021/.
***

Выдаецца ў рамках праектнай лініі «RAZAM-RAZEM-ZUZAM» на сродкі Міністэрства Замежных Cпраў ФРГ выдзеленыя Фондам Польска-Нямецкага Cупрацоўніцтва.

 

Skoro tu jesteś...

...mamy do Ciebie małą prośbę. Żyjemy w dobie poważnych zagrożeń dla pluralizmu polskich mediów. W Kulturze Liberalnej jesteśmy przekonani, że każdy zasługuje na bezpłatny dostęp do najwyższej jakości dziennikarstwa

Każdy i każda z nas ma prawo do dobrych mediów. Warto na nie wydać nawet drobną kwotę. Nawet jeśli przeznaczysz na naszą działalność 10 złotych miesięcznie, to jeśli podobnie zrobią inni, wspólnie zapewnimy działanie portalowi, który broni wolności, praworządności i różnorodności.

Prosimy Cię, abyś tworzył lub tworzyła Kulturę Liberalną z nami. Dołącz do grona naszych Darczyńców!

SKOMENTUJ
(47/2021)
25 listopada 2021

PRZECZYTAJ INNE Z TEGO NUMERU

KOMENTARZE



WAŻNE TEMATY:

TEMATY TYGODNIA

drukuj